
У адну з субот, у так званы шосты школьны дзень, у Шаркаўшчынскай СШ № 2 прайшоў дзень пазітыву. Пра гэта мерапрыемства нам расказалі вучаніцы Аня Лонская і Яна Калтакова:
— У гэты суботні дзень у школе нас чакала шмат цікавага. Арганізатары прыдумалі розныя мерапрыемствы і конкурсы. Так, напрыклад, для конкурсу “Пазітыў цераз аб’ектыў” вучні кожнага класа павінны былі прадставіць фатаграфію, якая, на іх думку, выклікае радасць. Працавала пляцоўка “Падзяліся ўсмешкаю сваёй”, на якой фатограф здымаў на фотаапарат настрой школьнікаў. На пляцоўцы “Сонца схавана ў кожным” юныя мастакі размалёўвалі абліччы ўсім, хто падыходзіў да іх. Шмат радасці і пацехі прынесла шоу мыльных бурбалак, калі кожны жадаючы мог надзьмуць прыгожую бурбалку. Акрамя ўсяго гэтага працавала пляцоўка, дзе ў розных забаўных гульнях спаборнічалі паміж сабою вучні 5-11 класаў. Напрыканцы былі падведзены вынікі. Свае ўражанні ад мерапрыемства кожны мог выразіць, намаляваўшы невялікі тварык на кавалку паперы, каб потым прычапіць яго на стэнд “Калейдаскоп настрою”. Зразумела, што амаль усе малюнкі на стэндзе былі вясёлыя. Думаем, што ўсе ў гэты дзень атрымалі ў дастатковай колькасці “вітамін радасці”, які так неабходны нам у шэрыя восеньскія дні. Хочацца падзякаваць арганізатарам мерапрыемства Валянціне Алегаўне Рубацкай, Іне Пятроўне Забела, Аксане Паўлаўне Пачопка, вядучым Паўлу Сташкевічу і Аліне Кадушкевіч, а таксама ўсім, хто прымаў удзел і дапамог расфарбаваць звычайны суботні дзень у яркія вясёлыя фарбы.
Андрэй БУРЭЦ.