Павел Паўлавіч Яфімаў галоўны аграном ААТ “Даватарскі” быў прадстаўніком ад раёна на свяце “Дажынкі-2013”

Сельское хозяйство

Паўлу Паўлавічу Яфімаву — галоўнаму аграному ААТ “Даватарскі” даводзілася працаваць на розных пасадах — аграномам, галоўным аграномам, старшынёй калгаса, намеснікам начальніка райсельгасхарчу па кормавытворчасці і цяпер вось, пасля невялікага перапынку, ён зноў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства. На якой  бы пасадзе тэхнолаг палёў ні працаваў, ён не здрадзіў роднай зямлі, свайму раёну ўжо на працягу больш як 40 гадоў. Вопытны спецыяліст, гаспадар зямлі, добры арганізатар спраў — шчыра, самааддана кіруе раслінаводчай галіной гаспадаркі і ад гэтага мае плён. У якасці ўзнагароды за працу райвыканкам і ўпраўленне райсельгасхарчу вылучылі Паўла Паўлавіча прадстаўніком ад раёна на свята “Дажынкі-2013”.

— Столькі ўражанняў атрымаў на свяце, што не перадаць, —пачаў размову з намі Павел Паўлавіч. — Нездарма 40 гадоў працаваў, каб такую ўвагу атрымаць. Спачатку нас — дэлегатаў з усіх раёнаў вобласці — урачыста сустрэлі ў аблвыканкаме. Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Косінец павіншаваў з працоўнымі дасягненнямі, пажадаў шчаслівай дарогі і незабыўных уражанняў на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы ў Жлобіне. А там і сапраўды было грандыёзнае свята для сельскіх працаўнікоў. Урачыстасць такога маштабу давялося пабачыць у сваім жыцці ўпершыню. Цяпер ніхто мяне не пераканае, што вяскоўцу, які заслужыў таго, не надаецца вялікая ўвага і пашана.

ААТ “Даватарскі”атрымаў ураджайнасць зерневых культур за 30 цэнтнераў з гектара. Гэта лічба невялікая, але самая высокая ў раёне.

— Былі спрыяльныя гады, — прыгадвае тэхнолаг палёў, — калі і за 40 цэнтнераў на круг атрымлівалі. Але заўсёды свае карэктывы ўносіла надвор’е.

Вянцом усіх спраў з’яўляецца ўборка ўраджаю. Тэрмін уборкі збожжавых культур толькі паўмесяца і за гэтыя дні трэба сабраць тое, дзеля чаго ўсе працавалі цэлы год. Галоўны аграном ведае, наколькі няпроста вырошчваць хлеб. Таму ўдумліва, разам з кіраўніцтвам узважвае кожны крок, калі прадпрымаюцца пэўныя захады для атрымання добрага ўраджаю. Цяпер нямнога ў гаспадарцы кадраў. Але Павел Паўлавіч па гэтым не перажывае, бо за кошт высокавытворчых, шыроказахопных, камбінаваных глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў можна зрабіць усе работы на зямлі і невялікім калектывам кваліфікаваных механізатараў. І стаўка робіцца на новыя, сучасныя тэхналогіі.

ААТ “Даватарскі” — адна з гаспадарак раёна, якая першай укараняе ўсё новае, прагрэсіўнае. Узяць хаця б нарыхтоўку сенажу і сена: сёлета прымянілі тэхналогію загортвання рулонаў у спецыяльныя ўпакоўкі, якая дае магчымасць трымаць іх пад адкрытым небам каля ферм. Яшчэ шмат планаў і задумак у спецыялістаў гаспадаркі, у тым ліку і агранома.

Закладваецца аснова будучага ўраджаю. Стаўка робіцца на азімую пшаніцу. Практычна ўклаліся ў аптымальныя тэрміны сяўбы. Насеннем, удабрэннямі і тэхнікай для якаснага правядзення гэтай кампаніі былі забяспечаны. А збалансаванае ўнясенне мінеральных удабрэнняў дае магчымасць разлічваць на высокі ўраджай. Цяпер азімыя ўсходзяць, стан іх нядрэнны, вядзецца праполка супраць пустазелля. Пакуль зямля не пакрыецца снежным покрывам, клопатаў у галоўнага агранома хоць адбаўляй.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *