У Шаркаўшчынскім раёне праходзіць тэхнічны агляд трактароў, меліярацыйных, дарожна-будаўнічых і сельскагаспадарчых машын

Сельское хозяйство

У гаспадарках і арганізацыях праходзіць тэхнічны агляд трактароў, меліярацыйных, дарожна-будаўнічых і сельскагаспадарчых машын.

Аднымі з першых у раёне паставілі на лінейку гатоўнасці трактары ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Агратэхсэрвіс». Інжынерная служба і самі механізатары як след падрыхтавалі сваю тэхніку да праходжання тэхагляду. Трактарны парк гаспадаркі складаецца з 51 адзінкі тэхнікі. З іх 9 — энерганасычаныя трактары.

Валерый Фёдараў і Сяргей Балай (на здымку) своечасова адрамантавалі замацаваных за імі сталёвых коней і без цяжкасцей прайшлі тэхнічны агляд. Напрыклад, Сяргей працуе на сваім «Беларус» МТЗ-3022 ужо сямнаццаты сезон. Гэта даволі працяглы тэрмін, але ва ўмелых руках працавітага механізатара тэхніка амаль ніколі не падводзіць свайго гаспадара. Падчас пасяўной кампаніі, як і ў мінулыя гады, ён будзе займацца дыскаваннем.

Не саступае сваіх перадавых пазіцый старэйшаму сябру Валерый. Мужчына — перадавы механізатар сельгаспрадпрыемства, працуе сёмы сезон на трактары «Кіравец» К-744. У гэтыя дні ён займаецца ўзворваннем, а калі будзе падрыхтавана глеба — пачне сеяць зерне.

— Зразумела, што гаспадаркі маюць цяжкасці з недахопам фінансавых сродкаў і запчастак, але калі казаць пра бяспеку, эфектыўнасць працы і беражлівыя адносіны да тэхнікі, то тут усё павінна прынцыпова адпавядаць існуючым патрабаванням, — упэўнены галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Васілій Лутохін. — У гэтым сельгаспрадпрыемстве стан тэхнікі знаходзіцца на належным узроўні.

На календары яшчэ 16 сакавіка, а вяскоўцы ўжо працуюць на палетках: ідзе узворванне, праводзіцца падкормка азімых культур мінеральнымі ўгнаеннямі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.