Афрыканская чума свіней: пытанні і адказы

Актуальное Сельское хозяйство

прысутныя ў зале клуба

У памяшканні сельскага клуба вёскі Сталіца ААТ “Княж” адбылася сустрэча мясцовых жыхароў з выконваючай абавязкі галоўнага ветурача раёна Рамуальдай Эдуардаўнай Вайцяховіч і старшынёй Германавіцкага сельскага Савета Аленай Альбертаўнай Рубан. Людзям хацелася даведацца з, так скажам, першых вуснаў, што рабіць са свінямі, якія ўтрымліваюцца на падворку ў сувязі з распаўсюджваннем захворваннея на АЧС.

Спецыяліст ветэрынарнай службы паведаміла, што вірус захворвання вельмі хутка распаўсюджваецца. Сёння на тэрыторыі раёна няма ачагоў інфекцыі АЧС. Пад пільным кантролем сітуацыя на свінакомплексе ў КУВСП “Гарадзец”, на рынку. Тым не менш назваць становішча спакойным нельга. АЧС выяўлена ў васьмі раёнах вобласці. У сувязі з гэтым усё пагалоўе свіней на падворках падлягае забою. Атрыманую прадукцыю можна выкарыстоўваць для харчавання ў межах раёна, калі ж трэба вывезці за яго межы, неабходна мець дазвол ад ветэрынарнага ўрача вобласці. Устаноўлены тэрмін забою — да 1 снежня. Пасля гэтага будуць прымацца больш жорсткія меры.

Гэтае патрабаванне абавязковае для ўсіх, хто трымае на сваім падворку свіней, і яму трэба падпарадкоўвацца, каб у горшым выпадку не застацца ні з чым.

Затым былі пытанні з залы, на якія адказвала Рамуальда Эдуардаўна.

— Якія меры прадпрымаюцца ў адносінах да дзікіх кабаноў, якія з’яўляюцца галоўнымі пераносчыкамі хваробы?

— На тэрыторыі раёна налічвалася 298 галоў дзікіх кабаноў. Забіта з іх каля сотні. Спачатку дазвалялася паляванне толькі ноччу, цяпер, з 1 кастрычніка, можна і днём, але вельмі асцярожна, бо ў лясах шмат грыбнікоў.

— Якія патрабаванні прад’яўляюцца да тых, хто будзе трымаць свіней на падворку да 1 снежня?

— Трэба захаваць усе метады перасцярогі, пра якія не раз пісала раённая газета. І самае галоўнае, пры ўваходзе ў жывёлагадоўчае памяшканне павінна быць дэзпадушка. Ні ў якім разе жывёла не павінна быць у выгулах, а толькі ў закрытых хлявах.

— Аршанскі, Глыбоцкі мясакамбінаты прапаноўваюць тушонку са свініны, а, магчыма, і яна ад хворай жывёлы?

— З мясакамбінатаў паступае прадукцыя, якая прайшла праверку і тэрмаапрацоўку. Такую прадукцыю можна ўжываць у ежу.

— Ці можна ў зіму купіць парасят?

— Такога дазволу ніхто не дае. Калі што здарыцца, ніхто адказнасці не панясе, акрамя гаспадара.

— А хто кантралюе ўвесь гэты працэс?

— У раёне створаны штаб, у які ўваходзіць 15 чалавек.

— А калі мінуе нас гэта хвароба, дзе возьмем парасят для гадоўлі?

— Уся задача заключаецца ў тым, каб захаваць свінакомплекс. Будуць там парасяты, значыць будуць і ў насельніцтва.

статак гусей на падворку

АД РЭДАКЦЫІ: Чым можна замяніць мяса свіней? Гадуйце птушак. Ёсць жывы прыклад. Непадалёку ад вёскі Сталіца ў Каралеве гаспадар трымае вялікую ферму гусей. Не першы год ён іх разводзіць і прыйшоў да высновы, што лепшага мяса не знойдзеш і гадаваць такую птушку не складаней, чым свіней. Варта задумацца, прааналізаваць становішча і не кідацца ў паніку.

Падрыхтавала Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *