На працягу апошніх гадоў маладыя механізатары нашага раёна станавіліся пераможцамі і прызёрамі абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства. Дасягалася гэта шмат у чым дзякуючы таму, што пры правядзенні аналагічных раённых конкурсаў яго арганізатары (упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў АПК, цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення райсельгасхарчу, аддзел ідэалагічнай працы , культуры і па справах моладзі райвыканкама) перш чым ацаніць узровень прафмайстэрства канкурсантаў праводзілі навучальныя заняткі, акцэнтуючы ўвагу на важных пытаннях тэхналогіі ўзворвання і арганізоўвалі паказальныя выступленні, тлумачачы усе тонкасці і сакрэты якаснай працы.
Дзявятаму райконкурсу, у якім сімвалічна прынялі ўдзел у гэтым годзе 9 лепшых маладых прафесіяналаў з 9 сельгаспрадпрыемстваў раёна, можна ўпэўнена паставіць ацэнку выдатна, як па ўзроўні арганізацыі, так і прадэманстраванаму нашай маладзёжнай элітай вёскі выніку.
Прыемна адзначыць, што нашаму пераможцу каманднага і асабістага першынства абласнога конкурсу Дзмітрыю Ліпскаму з ААТ “Даватарскі” ў тэарэтычнай падрыхтоўцы салідную канкурэнцыю склалі Уладзімір Ермашкевіч з ААТ “Юдыцына” і Аляксандр Руткоўскі з КУВСП ім. Маркава, якія занялі другое і трэцяе месца. Па падрыхтоўцы машына-трактарнага агрэгата да ўзворвання за лідарства з Дзмітрыем паспяхова змагаліся Яўген Шчукін з ААТ «Ельня-Агра”, Аляксей Смерцьеў з ААТ “Княж”, Валерый Фёдараў з ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”, Раман Усцінаў з ААТ “Жвіранка”.
Вельмі высокія балы паставілі суддзі за якасць ўзворвання Дзмітрыю Шапавалаву з КУВСП “Гарадзец”.
Але ўсё адно вялікі вопыт удзелу ў конкурсах і прафесійнае майстэрства на 1-ае месца ў агульным заліку вывелі Дзмітрыя Ліпскага. Нагадаем, што Дзмітрый быў прызнаны “Чалавекам года Шаркаўшчыны-2012”, і ён сваімі справамі апраўдвае гэтае высокае званне. У тройку прызёраў увайшлі Уладзімір Ермашкевіч і Аляксей Смерцьеў, які упершыню прыняў удзел у дадзеным маладзёжным форуме. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовай прэміяй. Таксама ўсім удзельнікам конкурсу ўручаны памятныя сувеніры — прызы з раённай сімволікай.
Ацэньваючы вынікі конкурсу, адчуваю гонар за нашых маладых механізатараў, за іх прафесіяналізм, за выкананую працу, якасць якой ацэньвалася строга. Бо тое ж ўзворванне ацэньвалася па 11 паказчыках. Улічвалася якасць 1-й падрыхтоўчай разоры, захаванне глыбіні ўзворвання і бакавых межаў, знешні выгляд ворыва, памер і форма не ўзаранай паласы перад апошнім праходам агрэгата, якасць працы плуга, выкананне патрабаванняў аховы працы і г.д. І з усім гэтым нашы хлопцы справіліся паспяхова, а значыць, заклалі добры задзел для будучага ўраджаю. Таму хочацца завяршыць гэты артыкул радкамі вершаў з пажаданнямі маладым гаспадарам зямлі: “Чтоб плуг не заржавел, чтоб в чистом поле вновь обернулась хлебом борозда!”
І. ІВАНОЎ,
намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы,
культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.