Вучні аграрнага класа пабывалі на экскурсіі ў ААТ «Агратэхсэрвіс»

Молодежь Общество

У нашай краіне створана сістэма бесперапыннай аграрнай адукацыі, важным звяном якой з’яўляюцца профільныя класы аграрнага накірунку.
З 1 верасня 2018 года ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адкрыты аграрныя класы. Іх выпускнікоў чакаюць 4 сельскагаспадарчыя вну: Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, а таксама 27 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
Як паведамілі ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, аграрныя класы (групы) ёсць і ў навучальных установах нашага раёна. У сярэдняй школе № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына і ў Лужкаўскай СШ. Юнакі і дзяўчаты вывучаюць прадмет «Уводзіны ў аграрныя прафесіі». Гэта спецыяльная праграма для факультатыўных заняткаў у профільных класах.
Для выпускнікоў аграрных класаў дзейнічаюць шматлікія прывілеі: яны могуць паступіць без экзаменаў, па выніках суразмоўя. Для гэтага ім неабходна мець у атэстаце адзнакі па профільных прадметах не ніжэй 7 і заручыцца мэтавым накіраваннем. Але трэба памятаць, што мэтавае накіраванне прадугледжвае 5 год адпрацоўкі па размеркаванні пасля заканчэння вну і 3 гады — пасля каледжа.
Мэтавае накіраванне не павялічвае шанц паступіць у аграрную вну без экзаменаў. Падчас вучобы такія студэнты атрымліваюць даплаты да стыпендыі, а некаторыя арганізацыі АПК выплочваюць сваім будучым спецыялістам асобную стыпендыю. Сярод іншых бонусаў — жыллё або грашовае кампенсаванне па яго найме, аплата камунальных расходаў, ільготныя крэдыты на набыццё жылля. Гэта з’яўляецца добрай падтрымкай для паступлення ў аграрную вну і забяспечвае дастойны старт у самастойнае жыццё.
На мінулым тыдні вучні 10 класа СШ №2 (група з 16 юнакоў і дзяўчат) разам з настаўніцай біялогіі Аксанай Пачэпка на практыцы замацавалі тэарэтычныя веды па факультатыве «Уводзіны ў аграрныя прафесіі». Па папярэдняй дамоўленасці з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама яны наведалі цэнтральныя механічныя майстэрні ААТ «Агратэхсэрвіс». Экскурсію для вучняў правялі начальнік аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці райсельгасхарчу Валерый Катовіч і дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Кавалёнак. Юнакам цікава было ўбачыць сучасныя трактары, глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, на якіх працуюць мясцовыя механізатары, даведацца пра іх тэхнічныя характарыстыкі. У механічных майстэрнях кіпела работа — электрагазазваршчыкі і слесары рыхтавалі тэхніку да выхаду ў поле, у такарным цаху выточвалі расходныя матэрыялы.
Наступным аб’ектам у маршруце наведвання стала раённая ветэрынарная станцыя. Начальнік установы Валерый Кулік расказаў пра спецыфіку дзейнасці райветстанцыі, яе супрацоўнікаў, асноўныя накірункі работы. Затым вучні больш падрабязна азнаёміліся з формамі і метадамі работы ветэрынарнай установы раёна. Яны пабывалі ў падраздзяленнях хіміка-таксілагічнага і радыяцыйнага кантролю, наведалі дыягнастычную лабараторыю, дзе праводзяцца біяхімічныя аналізы крыві, корму для сельскагаспадарчых жывёл, вызначаецца радыяцыйны фон паветра і іншае. Асабліва цікава было наведаць юнакам і дзяўчатам віварый — месца ўтрымання і правядзення доследаў над жывёламі. У віварыі ўтрымліваюцца марскія свінкі, трусы, авечкі і нават белыя пацукі.
Потым школьнікі трапілі ў раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, дзе спецыялісты ўстановы падрабязна расказалі пра спецыфіку сваёй работы.
Старшакласнікі, якія на ўласныя вочы азнаёміліся з работай сельгасарганізацыі і ўстаноў, сур’ёзна задумаліся над выбарам прафесіі. Магчыма, некаторыя з іх выберуць у будучым працу ў сельскагаспадарчай галіне.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.