Сям’я — гэта шчасце, любоў і ўдача

Общество

У раённым этапе рэспубліканскага конкурсу ўдзел прынялі сем’і шаркаўчан Аляксандра і Вольгі Чарненка, Міхаіла і Людмілы Рэдзіка, а таксама Сяргея і Наталлі Лапо з аграгарадка Лужкі.

У першым конкурсным выпрабаванні пад назвай «Радавод» сем’і расказвалі пра сваіх продкаў, іх заняткі, жыццёвы ўклад, дэманстравалі фота сваіх бабуль, дзядуль і бацькоў, выкарыстоўваючы гістарычныя даведкі і мультымедыйную ўстаноўку.

«Прэзентацыя сацыяльна-значнага праекта, які адлюстроўвае ўклад сям’і ў жыццё рэгіёна» — назва другога, заключнага конкурснага этапа. Дарослыя разам са сваімі дзецьмі ў выступленнях зрабілі акцэнт на патрыятычны накірунак у выхаванні падрастаючага пакалення, памяць пра гераічнае мінулае сваіх дзядоў і прадзедаў, якія потам і крывёй заваявалі для нас мірнае жыццё пад ясным небам незалежнай Беларусі.

— Дарагія сябры! Сёння мы з вамі ў чарговы раз упэўніліся, як добра, калі ўсе разам: дзеці і бацькі. Бо сям’я — гэта самае каштоўнае, што можа быць у чалавека, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама, старшыня журы конкурсу Юрый Васілеўскі. — Мы ўпэўнены, што калі кожны дзень будзем разам, то нашых дзяцей чакае радасная і шчаслівая будучыня. Вялікі дзякуй усім сем’ям за ўдзел у конкурсе! Беражыце сябе і сваіх родных, няхай ніколі не пагасне ваш хатні ачаг!

Такім чынам, дыплом за трэцяе месца атрымала сям’я Сяргея і Наталлі Лапо. Другімі сталі Аляксандр і Вольга Чарненка. Перамогу ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года» заваявалі Міхаіл і Людміла Рэдзіка.

За годны ўдзел у выпрабаванні, выступленне на сцэне, выхаванне дзяцей, прапаганду сямейных каштоўнасцей і актыўную жыццёвую пазіцыю словы падзякі канкурсантам адрасавала старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Людміла Стома. Сем’ям-удзельнікам яна ўручыла букеты кветак, кнігі і салодкія пачастункі.

У хуткім часе на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года» Шаркаўшчынскі раён прадставіць сям’я Рэдзіка з гарадскога пасёлка. Пажадаем землякам годна выступіць і абараніць гонар нашага рэгіёну!

Сяргей РАЙЧОНАК.