Аграэкатурызм: ёсць, што паказаць і пра што расказаць

Турызм

На базе аграэкасядзібы «Агальніцкі млын», што ў Станіславоўскім сельсавеце, прайшоў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, уладальнікаў прыватных сядзіб, рамеснікаў, работнікаў культуры і ўсіх зацікаўленых асоб у развіцці турыстычнага патэнцыялу ў нашым рэгіёне.

Як паведаміла ў сваім выступленні галоўны спецыяліст райвыканкама Наталля Арэшкава, у Шаркаўшчынскім раёне зарэгістравана пяць аграэкасядзіб, якія займаюцца прадастаўленнем паслуг адпачынку.

Аграэкасядзіба «Агальніцкі млын», дзе і прайшла сустрэча, сваю дзейнасць пачала ў 2020 годзе. Размешчана яна ў трохпавярховым будынку, дзе калісьці быў калгасны млын, пабудаваны яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. З цягам часу патрэба ў размоле мукі адпала, а будынак паступова прыходзіў у запусценне. Яго набыла мінчанка Лідзія Барынава са сваім мужам для наступнага размяшчэння ў сценах старога млына аграэкасядзібы. Пасля праведзенага рамонту тут абсталявалі 10 пакояў для 25 пражываючых. Маюцца лазня, більярд, тэніс, лодка, усюдыход. У вялікім фае на першым паверсе знаходзяцца прадметы даўніны, якія сабралі не толькі ў навакольных вёсках, але і ў іншых рэгіёнах краіны. На прылеглай тэрыторыі размешчаны дзіцячая пляцоўка, альтанка. Побач працякае рака Дзісна. І зімой, і ўлетку тут шмат адпачываючых, паслугі аграэкасядзібы карыстаюцца попытам, асабліва ў гарадскіх жыхароў.

Падчас пасяджэння ўладальнікі сядзіб абменьваліся вопытам работы, расказвалі пра праблемы ў сваёй дзейнасці, прапаноўвалі шляхі іх вырашэння. У аграгарадку Лужкі дзейнічаюць дзве аграэкасядзібы — «Фальварак» і «Мястэчка». Працуюць яны не так даўно, але зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку. У «Фальварку» можна і адпачыць невялікай кампаніяй, і схадзіць у духмяную лазню. Тут таксама прапануюць у спецыяльна абсталяваным памяшканні сон пад гудзенне пчол. А яшчэ гаспадары сядзібы разводзяць трусоў і птушку, якіх рэалізоўваюць як мясцоваму насельніцтву, так і ўсім жадаючым.

«Мястэчка» размешчана ў будынку былога сельскага Дома культуры. Тут арандуюць залы для правядзення вяселляў, дзен нараджэння і іншых забаўляльных мерапрыемстваў.

Сваім напрацаваным вопытам падзяліліся і рамеснікі. Напрыклад, Аксана Пачэпка разам з мужам робяць венікі для лазні, Алеся Сікора стварае жаночыя аксэсуары і ўпрыгожвае іх штучнымі кветкамі. А вось Інэса Дарашчонак з нядаўняга часу выпякае хатні хлеб розных гатункаў. Усе прадстаўленыя на мерапрыемстве прадметы, прысмакі можна было набыць за невялікі кошт.

Падчас падвядзення вынікаў круглага стала старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Арэшкаў адзначыў, што тая праца, якой займаюцца шаркаўчане ў справе адраджэння і папулярызацыі культуры, рамёстваў, патрабуе больш шырокага распаўсюджвання як у нашым раёне, так і ў іншых рэгіёнах краіны. Сёння надзвычай важна, каб пра Шаркаўшчыну ведалі і прыязджалі да нас.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.