Вясна з кожным пагодным днём спрыяе аграрыям у вядзенні сельскагаспадарчых работ. На календары 29 сакавіка — самы час для пачатку масавага правядзення палявых работ. Менавіта гэтым і займаюцца ў сельгаспрадпрыемствах раёна.
— Зімой я адрамантаваў свой энерганасычаны трактар «Кіравец» К-744, — кажа механізатар ААТ «Агратэхсэрвіс» Віктар Лаўрыновіч. — Замяніў у сталёвым кані неабходныя вузлы. Давёў да ладу прычапныя агрэгаты — плуг і культыватар. Як толькі дазволілі ўмовы надвор’я, разам з іншымі механізатарамі вывеў сваю тэхніку ў поле. На аналагічным трактары са мной працуе Валерый Фёдараў, за светлавы дзень мы ўдваіх праводзім ворыва на плошчы прыкладна ў 50 гектараў. Можна, канечне, і больш, але пераўвільготненая глеба крыху стрымлівае тэмпы работ. Як закончым ворыва, буду займацца падрыхтоўкай глебы пад сяўбу яравых культур. На гэтым трактары працую ўжо сёмы сезон, але тэхніка амаль не падводзіць. Яно і зразумела, калі пільна за ёй сачыць, своечасова і якасна рамантаваць, то і трактар будзе служыць шмат сезонаў.
Па ўсім бачна, што Віктар Лаўрыновіч дбае пра будучы ўраджай, працуе ад світання і да змяркання, бо ўсведамляе, што веснавы дзень год корміць.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.