Такую назву мае чарговая кніга шаркаўшчынскага пісьменніка, члена саюза піьменнікаў Беларусі, удзельніка народнага калектыву літаратурнай творчасці «Світанак» Віктара Лагуна, прэзентацыя якой прайшла ў раённым Цэнтры культуры.
Кніга, як сказаў сам аўтар, у пэўным сэнсе мемуарна-гістарычная. Выданне яе было прымеркавана да 520-годдзя Шаркаўшчыны, а таксама да 60-годдзя ўтварэння Глыбоцкіх электрычных сетак. Несумненна, кніга зацікавіць шаркаўчан і тых людзей, якія звязалі сваё працоўнае жыццё з энергетыкай раёна. Праз яе чырвонай стужкай праходзіць тэма правядзення першай электрыфікацыі на Прыдзісненшчыне і ў яе акрузе, а таксама тэма станаўлення і развіцця ў навакольных населеных пунктах масавай сучаснай электраэнергетыкі.
У кнізе ўзгадваюцца дзясяткі прозвішчаў тых людзей, з якімі аўтару давялося мець стасункі, разам працаваць у галіне энергетыкі, супрацоўнічаць, весці з імі гутаркі пра мінулае. Расказваецца пра рэальныя будні мясцовага раёна электрычных сетак, у тым ліку і падчас экстрымальных сітуацый. Дапаўняюць выданне некаторыя вершаваныя творы Віктара Лагуна.
На імпрэзе прысутнічалі не толькі «світанкаўцы», але і былыя калегі пісьменніка з Глыбоцкіх электрычных сетак, шаркаўшчынскія энергетыкі і мясцовыя жыхары — прыхільнікі творчасці нашага земляка.
Арганізатарымі мерапрыемства сталі работнікі раённай бібліятэкі сумесна з удзельнікамі народнага калектыву літаратурнай творчасці «Світанак». Кожны з прысутных гасцей меў магчымасць падзяліцца сваімі думкамі наконт творчасці Віктара Лагуна, а таксама прачытаць уласныя вершы. Дарэчы, на імпрэзе гучалі не толькі рыфмаваныя радкі «світанкаўцаў», але і песні ў выкананні Івана Гарбачонка. Мерапрыемства прайшло ў цёплай сяброўскай атмасферы. А напрыканцы імпрэзы ўсе пажадалі Віктару Лагуну плёну на літаратурнай ніве, напісання і выдання новых твораў, у якіх аўтар услаўляе Беларусь, малую радзіму і яе жыхароў.

