Сорак гадоў працуе аператарам машыннага даення Раіса Фёдарава

Сельское хозяйство

Раіса Фёдарава пасля заканчэння Смалянскага саўгаса-тэхнікума атрымала кваліфікацыю агранома, але па волі лёсу вось ужо амаль сорак гадоў працуе аператарам машыннага даення.

— Нарадзілася і вырасла я на Докшыччыне, вучылася ў Смалянах, дзе і пазнаёмілася з хлопцам, які быў родам з вёскі Сталіца Шаркаўшчынскага раёна і займаўся таксама ў тэхнікуме, — кажа Раіса. — Першапачаткова думала вярнуцца на сваю малую радзіму, але калі Афанасій зрабіў мне прапанову рукі і сэрца, пераехалі жыць да яго. Было гэта ў 1983 годзе.

Па сваёй спецыяльнасці мне не надарылася магчымасць працаваць. Калі ў вёсцы Прамяны пабудавалі ферму, вырашыла пайсці туды. У той час жывёлаводы, асабліва аператары машыннага даення, атрымлівалі высокія заробкі. Наогул, былы калгас «Свабода» з’яўляўся эканамічна перадавой гаспадаркай.

Разам з мужам выхавалі трох сыноў. У 2004 годзе кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла нам добраўпарадкаванае жыллё. На жаль, Афанасій скончыў свой зямны шлях, а дзеці, пакінуўшы родны парог, раз’ехаліся па Беларусі. Старэйшы, Андрэй, наогул пражывае ў Разані. Тым не менш, сыны стараюцца як мага часцей прыязджаць дадому. Дапамагаюць мне спраўляцца з хатняй гаспадаркай.

Нягледзячы на тое, што жанчына ўжо 15 год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, працу на ферме кідаць яшчэ не збіраецца. Маўляў ёсць яшчэ сілы і жаданне прыносіць карысць і сабе, і гаспадарцы. У гурце жывёл, за якім даглядае Раіса Фёдарава, налічваецца  56  рагуль. Сярэдні надой ад адной каровы за сакавік склаў   533  кілаграмы  малака. А гэта адзін з лепшых паказчыкаў не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.