З пачынам вас, хлебаробы «Княжа»

Сельское хозяйство

Апошні сакавіцкі дзень выдаўся надзвычай сонечным і пагодным. Слупкі тэрмометраў паказвалі адзнаку вышэй за дваццаць градусаў цяпла. Такое надвор’е найлепшым чынам паспрыяла шаркаўшчынскім хлебаробам, якія пасля зімы вывелі сваю тэхніку на палеткі і прыступілі да масавых палявых работ.

Не выключэннем тут з’яўляюцца і руплівыя хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства «Княж». Сваю першую сеялку мясцовыя аграрыі вывелі на палеткі 31 сакавіка. Мы скарысталі магчымасць і накіраваліся ў гаспадарку, каб уласна ўпэўніцца, як тут ідуць справы.

— З-за пераўвільготненай глебы яшчэ далёка не ўсе палеткі дазваляюць вывесці на іх тэхніку, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Клімец. — Першапачаткова падрыхтавалі поле пад сяўбу зернебабовых культур ва ўрочышчы Трапецыя паміж вёскамі Сталіца і Каралева. Механізатары на энерганасычаных трактарах зрабілі некалькі слядоў з дыскатарамі, культыватарамі і баронамі, каб глеба хутчэй прасохла. Потым на 50-гектарнае поле, як і ў мінулыя гады, выехаў сейбіт Барыс Гушчынскі на трактары «Беларус» МТЗ-1221 у счэпе з трохметровай сеялкай «Лемкен».

— Трэба па максімуме скарыстоўваць кожную пагодную хвіліну, каб не ўпусціць агранамічныя тэрміны, — кажа вопытны механізатар. — За зіму я цалкам перабраў усе вузлы і агрэгаты ў сеялцы, таму спадзяюся, што чарговую пасяўную кампанію правяду без прастояў.

Тым часам да сеялкі пад’ехаў загрузчык, на якім працуе Мітрый Талдыкоў. Мужчына хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але заўсёды з пачаткам вясенніх палявых работ згаджаецца дапамагчы сельгаспрадпрыемству.

— Пакуль мой зяць Сяргей рамантуе сеялку, я шчырую на яго трактары, — кажа механізатар. — Ні ў якім разе нельга, каб тэхніка прастойвала. Спадзяюся, што і я зраблю свой пасільны ўклад у закладку будучага ўраджаю.

Заправіўшы сеялку насеннем зернебабовых, Барыс Гушчынскі імкліва рушыў па полі, пакідаючы за трактарам клубы пылу. У хуткім часе з цэнтральных механічных майстэрань прыехаў яшчэ адзін «Беларус» МТЗ-1221 з аналагічнай трохметровай сеялкай. Гэта сваю тэхніку давёў да ладу Іван Грыгор’еў. Так у другой палове дня на полі пачалі працаваць дзве сеялкі, а значыць, што і тэмпы работ узрастуць, і засеяныя зернебабовымі культурамі плошчы таксама павялічацца. Неўзабаве выведзе сеялку на палеткі і механізатар Сяргей Хаданёнак.

— Мы своечасова распрацавалі ўмовы працоўнага спаборніцтва для тых, хто заняты на палявых работах, — паведаміла намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце, член Беларускай партыі «Белая Русь» Таццяна Бохан. — З першага дня сяўбы механізатарам у поле дастаўляем гарачае харчаванне, па жаданні працуючых рыхтуем і падвячоркі.

Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве запланавана пасеяць яравыя зерневыя культуры на плошчы 960 гектараў. З іх пад зерневыя адведзена 450 га, пад кукурузу — 430 га, аднагадовыя культуры зоймуць плошчу 80 гектараў.

З пачынам вас, хлебаробы «Княжа»!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.