У некаторых сельгаспрадпрыемствах раёна ў 1970-х гадах на цэнтральных сядзібах былі ўвекавечаны ў бронзе або медзі выявы знакамітых савецкіх партыйных і грамадскіх дзеячаў. Так, у саўгасе імя Маркава быў усталяваны бюст Герою Савецкага Саюза Фёдару Маркаву, у калгасе імя Фрунзе — старшыні Рэўваенсавета СССР Міхаілу Фрунзе.
У былым калгасе імя Гагарына па рэкамендацыі раённага камітэта кампартыі Беларусі і за грашовыя сродкі сельгаспрадпрыемства вырашана было усталяваць бюст чалавеку, які першым пакарыў касмічную прастору, — Юрыю Гагарыну (на здымку).
Міледзій Кукуць у той час працаваў інжынерам-электрыкам у дадзенай сельгасарганізацыі. Ён добра памятае, як у вёску Наваселле прыязджаў спецыяліст з Мінска. На працягу трох месяцаў ён высякаў з каменнай глыбы аснову для будучага помніка. На ліцейным заводзе быў адліты з медзі бюст Юрыю Гагарыну. Само адкрыццё помніка было прымеркавана да 40-годдзя першага касманаўта Зямлі.
Прайшло шмат часу з той пары. Сёння ў нашай краіне адзначаецца Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Незалежная Рэспубліка Беларусь за гады сваёй самастойнасці ўвайшла ў лік касмічных дзяржаў. Кожны з нас ганарыцца землякамі-касманаўтамі Уладзімірам Кавалёнкам, Пятром Клімуком. Эпахальная падзея для нашай краіны адбылася 23 сакавіка, калі ўпершыню на касмічную арбіту ажыццявіла палёт першая жанчына-касманаўт Марына Васілеўская. За 14-дзённым палётам нашай зямлячкі ўважліва сачылі беларусы, расіяне, суайчыннікі за мяжой. 6 красавіка капсула з касманаўтамі на борце вярнулася на Зямлю.
Мы ганарымся мінулым і сучасным Рэспублікі Беларусь, яе людзьмі і дасягненнямі. Цвёрда ўпэўнены — наперадзе новыя перамогі нашых суайчыннікаў не толькі на Зямлі, але і ў касмічнай прасторы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

