
Менавіта такімі словамі ахарактарызавалі на працоўным месцы вадзіцеля Шаркаўшчынскага філіяла ААТ АТП № 16 г. Глыбокае Вячаслава Леонцьевіча Грыгаровіча. За сваю працоўную дзейнасць Вячаслаў Леонцьевіч шмат дзе папрацаваў, асвоіў многа розных адзінак тэхнікі (грузавікі, трактары, пагрузчыкі і іншае). Адлік вадзіцельскаму стажу, напэўна, можна пачынаць з арміі, дзе служыў у інжынерных вайсках. Вярнуўшыся дадому, працаваў у сельгасхіміі, ДБУ-26. Быў такі перыяд у жыцці, калі набыўшы грузавую машыну, стаў самастойна займацца грузаперавозкамі. Потым уладкаваўся ў ААТ “Агратэхсэрвіс”, а з 2006 года працуе ў аўтапарку. Тут ён займаецца грузаперавозкамі на дваццацітонніку МАЗ-6501 з 16-тонным прычэпам. У асноўным перавозіць гравій, шчэбень для дарожных работ. У калектыве карыстаецца аўтарытэтам, які заслужыў сваімі сумленнымі адносінамі да работы. Зрэшты, ахвота да працы — гэта рыса, якая адрознівае яго як на працоўным месцы, так і дома. Без справы Вячаслаў Леонцьевіч не сядзіць ніколі. Трэба сказаць, што сваёй дзейнасцю ён прыносіць значны прыбытак у капілку прадпрыемства, за што яго таксама цэняць.
Сапраўдны вадзіцель — гэта не толькі той, хто мае правы і можа ездзіць за рулём, гэта яшчэ і той, хто разбіраецца ў тэхніцы, можа, калі спатрэбіцца, адрамантаваць яе. Гэтыя словы цалкам можна аднесці і да героя нашага матэрыялу. У пацверджанне дастаткова сказаць, што вялікая частка транспартных сродкаў, на якіх яму давялося за сваё жыццё паездзіць, даставалася яму, як кажуць вадзіцелі, “з-пад забора”, гэта значыць, былі ўжо спісаныя. А ён уласнымі рукамі даводзіў іх да ладу і ездзіў.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара
