Абласны семінар, прысвечаны пытанням аховы працы, прайшоў у УАЗ «Шаркаўшчыская ЦРБ»

Актуальное

удзельнікі семінара на заключным этапе экскурсіі па райбальніцы

На мінулым тыдні ў Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы прайшоў вучэбны семінар для старшынь грамадскіх камісій, інжынераў, грамадскіх інспектараў па ахове працы прафсаюзных арганізацый медыцынскіх устаноў на тэму “Арганізацыя работы па ахове працы і грамадскага кантроля за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ва ўстановах аховы здароўя”. У рабоце семінара прынялі ўдзел спецыялісты з Шаркаўшчынскай, Браслаўскай, Пастаўскай, Глыбоцкай, Міёрскай, Верхнядзвінскай ЦРБ і РЦГЭ, а таксама з Браслаўскага абласнога туберкулёзнага рэабілітацыйнага цэнтра, Браслаўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы “Слабодка” і абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Ветразь” г. Паставы.

На пачатку семінара з уступным словам да прысутных звярнуўся галоўны ўрач УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” Станіслаў Тадэвушавіч Стома, які паведаміў аб стане медыцыны на дадзеным этапе ў нашым раёне.

выступае У. А. Мужычэнка

Старшыня Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Анатольевіч Мужычэнка падкрэсліў, што Шаркаўшчынская ЦРБ выбрана месцам правядзення вучэбнага семінара невыпадкова. Па-першае, работа, якая тут праводзіцца па ахове працы і ў прафсаюзным накірунку заслугоўвае высокай ацэнкі. Па-другое, шаркаўшчынскія медыкі працуюць у будынку новай раённай бальніцы на сучасным абсталяванні, на што вельмі карысна паглядзець і ёсць з чым пазнаёміцца іх калегам. Па-трэцяе, наш раённы цэнтр займае выгаднае геаграфічнае размяшчэнне сярод суседніх заходніх рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Далей Уладзіслаў Анатольевіч у сваім дакладзе расказаў аб ролі і месцы прафсаюзаў у стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы, аб павышэнні эфектыўнасці грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Галоўны пазаштатны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Іна Уладзіміраўна Ціхамірава азнаёміла прысутных з правільнай паслядоўнасцю арганізацыі дадзенай работы ў медыцынскіх установах. “Псіхалагічная культура. Сакрэты дзелавых зносін для грамадскага інспектара па ахове працы” — тэма даклада намесніка дырэктара Віцебскага вучэбнага цэнтра прафсаюзаў Таццяны Андрэеўны Верамей. Яна ж для ўдзельнікаў семінара прадставіла мультымедыйную прэзентацыю “Псіхалагічныя аспекты аховы працы”. Падрабязна пра Палажэнне аб тэхнічнай інспекцыі працы прафсаюзаў расказала інспектар Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў устаноў аховы здароўя Святлана Эльханаўна Кутузава. Пасля з удзельнікамі вучэбнага семінара правялі тэсціраванне, раздаўшы анкеты з пытаннямі па вызначанай тэме. Дарэчы, усе экзаменуемыя далі правільныя адказы на іх і атрымалі пасведчанні грамадскіх інспектараў па ахове працы.

Вопытам арганізацыі работы ў дадзеным накірунку ва УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” са сваімі калегамі з суседніх раёнаў падзялілася старшыня прафсаюзнага камітэта, галоўная медыцынская сястра раённай бальніцы Валянціна Уладзіміраўна Хаданёнак. А каб мець больш дэтальнае ўяўленне аб новай медыцынскай установе, формах і метадах лячэння захворванняў, галоўны ўрач С. Т. Стома арганізаваў для гасцей экскурсію па бальніцы, падрабязна расказаў пра работу шаркаўшчынскіх медыкаў.

На заканчэнне ўсе ўдзельнікі за круглым сталом абмеркавалі найбольш праблемныя пытанні, узнятыя падчас семінара, падвялі вынікі сумеснай работы.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.

удзельнікі семінара ў водалячэбніцы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *