За тры гады акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Беларусі былі праведзены дзясяткі карных аперацый супраць партызан і мірнага насельніцтва. Але гэта не зламіла дух нашых землякоў, якія сталі на абарону роднай зямлі.
Непадалёк ад гарадскога пасёлка Ушачы размяшчаецца мемарыяльны комплекс «Прарыў». Узведзены ён у гонар гістарычнай падзеі — прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны ў маі 1944 года.
Дэлегацыя Шаркаўшчынскага раёна 1 мая прыняла ўдзел у дзявятай абласной патрыятычнай акцыі «Прарыў Перамогі». Сёлетняе мерапрыемства прысвячалася 80-й гадавіне прарыву гітлераўскай блакады і 50-годдзю з моманту адкрыцця мемарыяльнага комплексу. Тады, у 1944 годзе, з варожага кольца выйшлі 16 партызанскіх брыгад, каля 17 тысяч чалавек і 15 тысяч грамадзян мірнага насельніцтва.
Каля мемарыяльнага комплексу сабраліся дэлегацыі з усіх раёнаў Віцебшчыны, з іншых абласцей краіны, горада Мінска, са Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расійскай федэрацыі, каб разам адзначыць знакавую для Беларусі падзею васьмідзесяцігадовай даўнасці. Праграма святкавання пачалася з урачыстага мітынгу. Перад прысутнымі выступілі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, іншыя афіцыйныя асобы. Пад гук метранома ўшанавалі светлую памяць аб загінуўшых, усклалі вянкі і кветкі да мемарыяльных пліт. Ва ўрачыстай атмасферы кіраўніцтву Ушацкага раёна перададзена «капсула памяці», у якой змешчаны відэазвароты жыхароў вобласці будучым пакаленням. Потым прысутныя сталі гледачамі рэкаструкцыі бою паміж партызанамі і гітлераўскімі захопнікамі. Народныя калектывы «Спадчына» і «Лужкаўскія песняры» нашага раёна далучыліся да акцыі «З песняй да Перамогі», у аб’яднаным хоры праспявалі песню «День Победы».
На працягу мерапрыемства працавалі шматлікія лакацыі, тэматычныя пляцоўкі. Для тых, хто хацеў смачна падсілкавацца, свае гарачыя стравы прапаноўвала салдацкая палявая кухня, дзейнічалі гандлёвыя рады. Мерапрыемства доўжылася да позняга вечара, а завяршылася відовішчным салютам, які азарыў неба над начнымі Ушачамі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.






















