26 кастрычніка 2022 года сіламі будаўнічых арганізацый «Рассвет Поставский» і Шаркаўшчынскай ПМК-68 пачалося будаўніцтва новага корпуса Александроўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.
Праз год і сем месяцаў будаўнікі здалі ў эксплуатацыю новую сучасную сацыяльную ўстанову. Учора падчас адкрыцця корпуса на ўрачыстасці прысутнічалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Барыс Яфрэмаў, старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака, старшыня Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Арэшкаў, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Няфёдава.
Вядучыя мерапрыемства зрабілі невялікі экскурс у гісторыю ўзнікнення і існавання ўстановы. Па дакументальных сведчаннях да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў гэтай вёсцы ў будынках былой панскай сядзібы існаваў дом-інтэрнат для дзяцей-сірот. У 1955 годзе ён змяніў свой профіль і стаў Александроўскім домам інвалідаў. У розныя часы ўстанова мяняла сваю назву, нязменным заставаўся толькі накірунак у дзейнасці — сацыяльная дапамога недзеяздольным грамадзянам.
Прадстаўнікі ўлады ўручылі падарачныя грашовыя сертыфікаты на паляпшэнне матэрыяльнай базы дома-інтэрната. У сваю чаргу кіраўнік раёна Дзмітрый Ламака і дырэктар сацыяльнай установы Мар’ян Паўловіч адзначылі падзякамі будаўнікоў, якія і ў будні, і ў выхадныя дні старанна і прафесійна працавалі на ўзвядзенні корпуса. Дырэктар дома-інтэрната выказаў словы вялікай удзячнасці прадстаўнікам улады розных узроўняў за магчымасць узвядзення новага аб’екта, кожнаму, хто зрабіў уклад у добрую справу.
Пасля пераразання чырвонай стужкі і ўручэння сімвалічнага ключа гаспадару ўстановы дабрачынны Шаркаўшчынскіх цэркваў протаіерэй Віктар Валашчук правёў абрад асвячэння новага корпуса, а таксама ўручыў ікону, якая стане абярэгам для пражываючых і працуючых тут людзей.
Ва ўстанове на сённяшні дзень знаходзяцца каля 170 грамадзян, якія пакутуюць ад псіхічных захворванняў, прызнаныя недзеяздольнымі. Работнікі дома-інтэрната клапоцяцца пра кожнага. Несумненна, з увядзеннем у эксплуатацыю новага корпуса палепшыліся ўмовы пражывання. Персанал цяпер таксама працуе ў камфортных сучасных умовах. У гэтым маглі ўпэўніцца прысутныя, калі азнаёміліся з новым аб’ектам звонку і знутры.
У хуткім часе абноўлены Александроўскі дом-інтэрнат будзе перайменаваны ў сацыяльны пансіянат. Такія змены будуць садзейнічаць іміджу ўстановы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.























