Шмат нараканняў даводзілася чуць ад вадзіцеляў транспартных сродкаў на стан дарожнага пакрыцця на ўчастку ад трасы Р-18 да аграгарадка Більдзюгі. І вось сітуацыя карэнным чынам змянілася ў лепшы бок.
Тэхніка і рабочыя ДРБУ-131, на балансе якіх знаходзіцца дарога, у пачатку месяца пачалі тут укладваць новае асфальтабетоннае пакрыццё. У адзін з дзён нам надарылася магчымасць уласна ўпэўніцца ў гэтым. Грузавыя аўтамабілі МАЗ па чарзе напаўнялі гарачай асфальтабетоннай сумессю коўш асфальтаўкладчыка, на якім машыністам працуе Леанід Бяляй. Следам ушчыльняў новае палатно на катку Юрый Ляскоўскі.
— Радуе тая акалічнасць, што аб’ёмы работ у такі сезон у нас заўсёды ёсць, а значыць, будзе і добры заробак, — кажуць мужчыны. — Да таго ж і удзельнікам руху цяпер зручна перамяшчацца па адрамантаванай дарозе.
Неўзабаве да асфальтаўкладчыка пад’ехаў пад разгрузку МАЗ Сяргея Бейнаровіча. Мужчына прывёз 40 тон асфальтабетоннай сумесі. Працэс укладкі асфальта амаль не спыняўся. Яно і зразумела, бо сумесь трэба хутка дастаўляць з завода і ўкладваць яе на дарожнае палатно, каб не даць ёй застыць. Дарожнікі працуюць аператыўна.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.