“Чароўны свет фарбаў”

Актуальное

удзельнікі выставы

Менавіта пад такой назвай у раённай бібліятэцы прайшла выстава-прэзентацыя дзіцячых малюнкаў. Як вядома, пры раённай школе мастацтваў працуе мастацкае аддзяленне, якое наведваюць да 60 дзяцей з розных школ раёна. Гэта тыя, хто захапляецца маляваннем і пасля заняткаў у школе ідзе ў студыю.

Як вынік сваёй дзейнасці, 3—4 разы на год навучэнцы студыі выяўленчага мастацтва выстаўляюць свае творы на паказ гледачам. Дзецям важна атрымаць ацэнку сваёй працы, адчуць упэўненасць у сваіх здольнасцях і творчым патэнцыяле.

На адкрыццё выставы прыйшлі дзеці і выкладчыкі-мастакі В. Ф. Крук, М. П. Ліпская, А. І. Пяткевіч, работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, бацькі юных мастакоў.

На выставу прадстаўлены каля 20 работ розных аўтараў. Юныя мастакі сабраліся разам, каб прагледзець, абмеркаваць, пераняць лепшае.

З прывітальным словам выступіў мастак, член Саюза мастакоў Беларусі Віктар Фёдаравіч Крук. Ён сказаў, што той, хто наведвае студыю пад яго кіраўніцтвам, усе таленавітыя, толькі не ўсе дастаткова старанныя. Мастак упэўнены, што некаторыя змогуць зрабіць персанальную выставу сваіх работ.

А Арсен Іванавіч Пяткевіч выказаў упэўненасць, што той, хто займаецца апошні год і думае паступаць на мастацкае аддзяленне ў навучальныя ўстановы, мае ўжо трывалы падмурак, які закладзены менавіта ў школе мастацтваў.

Марына Пятроўна Ліпская пахваліла сваіх навучэнцаў за іх талент. І пажадала быць на занятках яшчэ больш сабранымі, адчуваць адказнасць за тое, што робяць, праяўляць стараннасць і сачыць за якасцю работ.

На выставу быў запрошаны знакаміты мастак-акварэліст, член Саюза мастакоў Беларусі Алесь Шыёнак. Ён адзначыў:

Мы былі ўдзельнікамі рэспубліканскага плэнэру, на якім знакамітыя мастакі з розных куткоў Беларусі выказалі вялікае захапленне нашымі мастакамі-выкладчыкамі.Вам пашанцавала, дзеці, працаваць пад кіраўніцтвам такіх педагогаў. Трэба не спыняцца на дасягнутым. Яшчэ вялікі мастак Ілля Рэпін сказаў, што толькі адзін працэнт чалавеку даецца таленту, астанія 99 гэта няспынная праца”.

прэзентацыю вядзе Таццяна Райчонак

Была магчымасць бліжэй азнаёміцца з выставай і зрабіць выснову, што дзіцячыя малюнкі вызначаюцца насычанасцю фарбаў, яркасцю, як і само іх вясёлае, няўрымслівае жыццё.

Застаецца сказаць, што вяла прэзентацыю загадчыца раённай бібліятэкі Таццяна Райчонак, якая ў канцы мерапрыемства правяла з дзецьмі цікавыя віктарыны.

Выстава будзе працягвацца яшчэ некалькі тыдняў.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *