Віншаванні з 70-гадовым юбілеем прымаў Вячаслаў Петкун

Общество

Члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» праводзяць выхаваўча-патрыятычную работу з моладдзю. Былыя і дзеючыя афіцэры аказваюць дапамогу сваім таварышам, віншуюць іх са знакавымі датамі ў жыцці.

Кіраўнік арганізацыі Валерый Ан і яго намеснік Раман Більдзюга павіншавалі з 70-гадовым юбілеем Вячаслава Петкуна. Нягледзячы на тое, што імяніннік дасягнуў пенсійнага ўзросту, ён яшчэ працуе страхавым агентам аддзела па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскім раёне прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» па Глыбоцкім раёне. Да таго ж, мужчына з’яўляецца казначэем раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў.

Вячаслаў Пяткун — карэнны шаркаўчанін. Пасля заканчэння школы праходзіў тэрміновую службу ў Адэсе, потым у Смаргоні. З’яўляўся тэхнікам-механікам ракетных войск стратэгічнага прызначэння. Падчас службы атрымаў званне майстра спорту па ваенізаванай эстафеце. Пасля дэмабілізацыі кіраўніцтва Шаркаўшчынскага райкама кампартыі БССР назначыла Вячаслава на пасаду намесніка дырэктара белдзяржстраха па Шаркаўшчынскім раёне.

— Без адрыву ад вытворчасці я паступіў на завочнае аддзяленне Віцебскага фізкультурнага тэхнікума, —  тлумачыць мужчына. — Пасля, таксама завочна, скончыў Маскоўскі фінансавы тэхнікум, дзе існавала ваенная кафедра. Атрымаў дыплом фінансіста і афіцэрскае званне «старшы лейтэнант».

Большая частка працоўнай біяграфіі Вячаслава звязана з белдзяржстрахам. Апошнія 27 гадоў мужчына працуе ў арганізацыі страхавым агентам. Нягледзячы на паважаны ўзрост, ён яшчэ поўны сіл і жыццёвай энергіі.

Акрамя хатніх клопатаў і прафесійнай дзейнасці, у Вячаслава ёсць даўняе хобі — ён заўзяты рыбак. Калі надараецца свабодны час, ці зімой, ці летам ён бярэ ў рукі вуду і адпраўляецца на вадаём, каб парыбачыць. Таму члены афіцэрскай арганізацыі ў якасці падарунка ўручылі юбіляру футляр-рукзак для рыбалоўных прылад.

— Цяпер я ў працоўным водпуску, — кажа Вячаслаў. — У бліжэйшы час абавязкова адпраўлюся на Браслаўскія азёры, каб удосталь парыбачыць.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.