Зінаіду Касарэўскую павіншавалі з днём нараджэння і 120-годдзем утварэння прафсаюзнага руху Беларусі

Общество Прафсаюзы

Зінаіда Касарэўская шмат год з’яўлялася старшынёй прафсаюзнага камітэта калгаса імя Калініна, а потым ААТ «Ельня-Агра». Жанчына была намеснікам кіраўніка гаспадаркі і адначасова выконвала функцыі старшыні партыйнай арганізацыі ў часы Савецкага Саюза.

— У Шаркаўшчынскі раён я трапіла з Талачына ў 1970 годзе, — успамінае Зінаіда. — Трынаццаць гадоў адпрацавала ў былым калгасе «Іскра», там займала пасаду галоўнага заатэхніка. У 1983 годзе мяне перавялі ў калгас імя Калініна. З таго часу жыву тут, у вёсцы Зорка.

Добра памятаю, як ў нашай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, якая налічвала звыш 130 чалавек, ладзіліся разнастайныя цікавыя мерапрыемствы: канцэрты, экскурсійныя паездкі. Усё гэта рабілася для людзей, для іх адпачынку.

Я і цяпер цікаўлюся справамі гаспадаркі. Радуе тая акалічнасць, што ААТ «Ельня-Агра» з году ў год дасягае высокіх вытворчых паказчыкаў, паляпшаюцца ўмовы працы работнікаў, іх заробак. Моладзь прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. На шматлікіх спартыўных спаборніцтвах, у культурна-масавых мерапрыемствах юнакі і дзяўчаты з ААТ «Ельня-Агра» заваёўваюць перамогі, займаюць прызавыя месцы. І гэта не застаецца па-за ўвагай прафсаюзнага камітэта гаспадаркі, старшыня якога Валянціна Дзегцяронак заўсёды заахвочвае лепшых прадстаўнікоў як маладога, так і старэйшага пакаленняў.

У адзін з майскіх дзён да ветэрана працы завітала казначэй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Ельня-Агра» Зоя Пажарская. Жанчына павіншавала сваю былую калегу з днём нараджэння, 120-годдзем утварэння прафсаюзнага руху Беларусі, пажадала здароўя, сямейнага шчасця, уручыла памятныя падарункі і салодкія пачастункі — як напамін аб сумеснай плённай працы.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.