У мінулым годзе сярэдняя школа № 1 гарадскога пасёлка была капітальна адрамантавана і здадзена ў эксплуатацыю. Сваёй чаргі чакае спартыўная пляцоўка, размешчаная побач з навучальнай установай (на здымку).
Яе ўзвядзенне пачалося ў мінулым годзе, але ў зімні перыяд, з-за дрэнных умоў надвор’я, будаўніцтва было на некаторы час прыпынена. Што ў хуткім будучым будзе ўяўляць новы спартыўны аб’ект?
— Шматфункцыянальная пляцоўка ўключыць у сябе поле для гульні ў міні-футбол. Тут жа будзе размешчана сумешчаная валейбольна-баскетбольная пляцоўка, а таксама варкаўт-пляцоўка, — тлумачыць дырэктар навучальнай установы, намеснік старшыні раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Ірына Рымдзёнак. — Будуць таксама размешчаны яма для скачкоў і бегавая дарожка са спецыяльным пакрыццём. Дадаткова праектам прадугледжана наяўнасць пляцоўкі для адпачынку з боку вуліцы Халаева. Восенню мінулага года мы разам са спецыялістамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя займаліся пасадкай шматгадовых кустарнікаў. Аналагічныя работы правядзём і сёлета. У бліжэйшых планах трэба правесці добраўпарадкаванне прылеглай да школы тэрыторыі, бо ў мінулым годзе гэты аб’ём работ быў выкананы не поўнасцю. На летніх канікулах, якія хутка пачнуцца, зоймемся далейшым афармленнем вучэбных кабінетаў.
Напрыканцы мінулага года ў сярэдняй школе № 1 прайшла ўрачыстасць з нагоды яе 50-гадовага юбілею. Безумоўна, навучальная ўстанова пасля праведзенага рамонту выглядае шыкоўна, адпавядае сучасным патрабаванням не толькі для вядзення вучэбна-выхаваўчага працэса, але і для камфортнага і бяспечнага знаходжання дзяцей у ёй.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.