У Германавічах прайшла «Ноч музеяў»

Общество Патрыятычнае выхаванне

«Мяне яшчэ пашукаюць…» Гэты выраз належыць беларускаму этнографу, жывапісцу, археолагу Язэпу Драздовічу. Пры жыцці яго мала хто ведаў, а праз дзесяцігоддзі імя славутага сына Беларусі вернута з забыцця.

У чарговы раз супрацоўнікі Германавіцкага мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча далучыліся да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», крэатыўна і запамінальна правялі гэта мерапрыемства ў сваёй установе.

Умовы надвор’я дазволілі арганізатарам і гасцям свята сабрацца на адкрытай пляцоўцы. Мерапрыемства насіла назву «Язэп Драздовіч: спадчына і традыцыі». Вядучыя праграмы зачытвалі ўспаміны з дзённіка нашага земляка, у думках пераносіліся ў той час, калі ён падарожнічаў па гарадах, мястэчках і вёсках заходняй часткі Беларусі, пісаў маляваныя дываны, якія цяпер з’яўляюцца часткай экспазіцыі музея і ўяўляюць значную гістарычную каштоўнасць.

На свяце гучалі песні пра родны кут, нашу сінявокую краіну, пра землякоў. Побач супрацоўнікі раённага Цэнтра рамёстваў і Дома ганчара аграгарадка Германавічы праводзілі для ўсіх жадаючых майстар-класы па паляванцы, разьбе па дрэве, ткацтве і вырабе лялек з тканіны (на здымку).

Ганаровым госцем на мерапрыемстве стала краязнаўца Ада Райчонак. Жанчына ў свой час ажыццявіла даўнюю мару і разам з сябрамі пакрысе, год за годам, стварала музей у Германавічах, прысвечаны жыццю, навуковай і творчай дзейнасці Язэпа Драздовіча. Сёння гэту ўстанову культуры ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Сюды едуць з Расіі, з краін Прыбалтыкі, з далёкага замежжа, каб з першых вуснаў даведацца пра знакамітага творцу зямлі беларускай, убачыць яго творы мастацтва.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.