У Шаркаўшчыне адбыўся раённы семінар дырэктароў школ

Общество

Пра пераемнасць ў арганізацыі навучання ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ішла гутарка на раённым семінары дырэктароў.

Удзельнікаў мерапрыемства прынялі ў сваіх сценах настаўнікі і вучні сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына. Азнаёміцца з навучальнай установай прысутных запрасіла яе дырэктар Ядзвіга Балай. У выставачнай зале «Спадчына» настаўнік гісторыі Міхаіл Пугаўка і вучні расказалі шмат цікавых фактаў з біяграфіі Рамана Кудрына, пра яго малую радзіму, гераічную барацьбу з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, пасляваенны перыяд жыцця, які ён прысвяціў Шаркаўшчынскаму раёну.

Цікавы аповед пра сябе і сваё захапленне мастацтвам расказала вучаніца 11 класа Вольга Еўдакімава. Дзяўчына з маленства малюе, займаецца жывапісам. Скончыла курс навучання ў выкладчыка дзіцячай школы мастацтваў Арсена Пяткевіча і ўсур’ёз захапілася любімым хобі. На семінары Вольга прэзентавала ўласную выставу «Мой свет у фарбах».

За круглым сталом прысутныя абмеркавалі асноўную тэму семінара. Сучасныя сацыякультурныя ўмовы патрабуюць забеспячэння безупыннасці адукацыі дзіцяці з улікам яго індывідуальных асаблівасцей, патрэбнасцей сям’і і грамадства. Пры гэтым неабходнай умовай з’яўляецца пераемнасць, якая заключаецца ва ўстанаўленні адзінай лініі развіцця асобы на сумежных узроўнях адукацыі.

За апошнія гады адбыліся значныя змяненні ў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. На нарматыўным узроўні яны знайшлі адлюстраванне ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Як было адзначана, пераемнасць павінна забяспечыць павольны пераход дзіцяці на новы ўзровень адукацыі, у новае сацыяльнае асяроддзе. Пры вызначэнні вядучых ідэй у ходзе рэалізацыі пераемнасці неабходна вызначыць прыярытэты ў змесце адукацыі на кожным этапе ўзроставага развіцця дзіцяці з улікам сучаснай сітуацыі.

Як гэта адбываецца на практыцы, вопытныя педагогі школы прадэманстравалі падчас майстар-класаў, у якіх задзейнічалі ўдзельнікаў семінара. Пра свой падыход у рабоце да пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі праз прыёмы гульні па развіццю гаворкі дзяцей расказала настаўнік пачатковых класаў Вольга Шынкевіч. Псіхолаг Валянціна Рубацкая з уласнай педагагічнай практыкі паведаміла, як ідзе пераемнасць да паспяховай адаптацыі. А настаўнік-дэфектолаг Таццяна Уладзімірава правяла майстар-клас па пастаноўцы і аўтаматызацыі гука «ш».

У час падвядзення вынікаў семінара кіраўніцтвам аддзела па адукацыі райвыканкама была дадзена станоўчая адзнака вучэбна-выхаваўчаму працэсу педагагічнага калектыву навучальнай установы.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.