Інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама сустрэлася з жыхарамі аграгарадка Більдзюгі

Общество

 

У працоўных калектывах, на прадпрыемствах, у навучальных установах абмяркоўваюць першае пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу.
Інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Арэшкава, начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, старшыні раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Людмілы Стома і першага сакратара райкама БРСМ, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Веранікі Кавалеўскай сустрэлася з жыхарамі аграгарадка Більдзюгі і насельніцтвам Більдзюгскага сельсавета. У фармаце адкрытага дыялогу прысутныя абмеркавалі першае пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу.
— Удзел у маштабным рэспубліканскім форуме прынялі 1162 дэлегаты з усёй рэспублікі. Інтарэсы жыхароў нашага рэгіёну на сходзе прадстаўлялі старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака, дырэктар сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына Ядзвіга Балай, урач-хірург Аксана Селіванава і я, — паведаміла прысутным Вераніка Кавалеўская.
Яна расказала пра ход і змест пасяджэння сходу, які праходзіў на працягу двух дзён, падзялілася сваімі ўражаннямі ад убачанага і пачутага на форуме.
— Новая рэдакцыя Асноўнага Закона Рэспублікі Беларусь замацавала канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу як вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя, — паведаміў Сяргей Арэшкаў. — Сёння цалкам зразумела, што УНС — гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту краіны, які быў створаны яшчэ ў 1996 годзе па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы. Усебеларускі народны сход стаў сімвалам адзінства грамадства. Фарміраванне гэтага канстытуцыйнага органа сведчыць аб новым гістарычным этапе развіцця краіны.
Людміла Стома расказала пра дзейнасць раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь», пра задачы, якія плануецца ажыццявіць у бліжэйшы час.
Ва ўрачыстай атмасферы яна ўручыла партыйныя білеты Вікторыі Молакавай, Ганне Зайцавай, Людміле Ананіч і Святлане Шэлдуновай. Дарэчы, сям’я Іллі і Святланы дзесяць гадоў назад з-за ваенных дзеянняў ва Украіне вымушаны былі пакінуць малую радзіму і пераехалі жыць у нашу краіну, а менавіта ў аграгарадок Більдзюгі. Тут яны працуюць, дзеці наведваюць мясцовыя дзіцячы сад і школу. Сям’я атрымала беларускае грамадзянства.
Да прадстаўнікоў інфармацыйна-прапагандысцкай групы жыхары аграгарадка звярнуліся з просьбай аб магчымым пераносе аўтобуснага прыпынку і павільёна, якія размешчаны ў населеным пункце на трасе Р-18 у напрамку вёскі Мількі Браслаўскага раёна, і размяшчэнні яго ў зваротным накірунку. Справа ў тым, што грамадскія аўтобусы ўжо не ажыццяўляюць рэйсы ў суседні рэгіён. А вось у напрамку Шаркаўшчыны вяскоўцы жадаюць мець аўтобусны прыпынак з павільёнам, які можна было б размясціць на цэнтральным скрыжаванні дарог аграгарадка або непадалёк. Вырашэнне пытання кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўзяў на кантроль.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.