Намеснік дырэктара па будаўніцтву ААТ «Жвіранка» Павел Фёдаравіч Пальчэх узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі»

Актуальное Сельское хозяйство

31 кастрычніка ў Мінску ў Палацы Рэспублікі прэм’ер-міністр нашай краіны Міхаіл Мясніковіч  уручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны. Сярод іх і намеснік дырэктара па будаўніцтву ААТ «Жвіранка» Павел Фёдаравіч Пальчэх, які ў гэты дзень атрымаў медаль «За працоўныя заслугі».
Павел Фёдаравіч Пальчэх — добра вядомая асоба ў раёне. Ён не толькі спецыяліст з вялікай літары, але старанны, разважлівы, удумлівы працаўнік, адданы роднай гаспадарцы.
А пачынаў Павел Фёдаравіч сваю працоўную дзейнасць у 1967 годзе трактарыстам тагачаснага калгаса імя Гагарына. Затым год працаваў вадзіцелем, брыгадзірам. А калі закончыў Ідрыцкі саўгас-тэхнікум у Пскоўскай вобласці, яго назначылі галоўным заатэхнікам калгаса імя Гагарына, дзе на гэтай пасадзе адпрацаваў сем гадоў.
Быў час, калі суседняя гаспадарка — калгас “17-верасня” застаўся без кіраўніка. Прапанавалі ўзначаліць калектыў П. Ф. Пальчэху. Памятаю, як праходзіў у той дзень сход у гаспадарцы. У сельскім клубе сабралася столькі людзей, што яблыку не было куды ўпасці. Хоць у сваёй гаспадарцы галоўны заатэхнік дасягнуў многага і праявіў сябе як вопытны спецыяліст, аднак калгаснікі-суседзі выбіралі сабе кіраўніка вельмі асцярожна, задавалі шмат пытанняў. І калі выбралі, то не памыліліся. На працягу шасці гадоў пад кіраўніцтва Паўла Фёдаравіча калгаснікі дабіваліся добрых поспехаў у галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі, вялі будаўніцтва, наладзілася высокая працоўная дысцыпліна.
Аднак праца без водпуску, практычна без выхадных адбілася на здароўі кіраўніка. Па яго просьбе перавялі на больш лёгкую, але не вельмі спакойную работу. Ён узначаліў Більдзюжскі сельскі Савет. За адзін год працы на гэтай пасадзе актыўны Павел Фёдаравіч зрабіў многае. Першым чынам выкупіў трактар Т-25, навесіў на яго цыркулярку і арганізаваў пенсіянерам распілоўку дроў. “Выбіў” у гаспадарцы для сельсавета камбайн і трактар “Беларус”. Навёў парадак на ўсіх пяці могілках, а на цэнтральных агароджу зрабіў з металу, які набыў з адходаў штампоўкі аднаго з мінскіх заводаў.
— Але я хутка зразумеў, што гэта не маё, — дзяліўся ўспамінамі Павел Фёдаравіч. — Я чалавек ад зямлі і павінен працаваць на ёй. Прыйшла вясна, і мяне зноў пацягнула ў поле — сяўба, выган на пашу жывёлы…
З 2003 па 2007 год П. Ф. Пальчэх быў выбраны на пасаду старшыні сельгасвытворчага кааператыва “Жвіранка”. Зноў апынуўся ў сваёй стыхіі. Утрымаць адну з лепшых гаспадарак на высокім узроўні і пайсці далей — была задача цяжкая. Удалося яму гэта дзякуючы захаванню парадку і дысцыпліны ў рабоце ўсяго працоўнага калектыву.
Цяпер Павел Фёдаравіч — намеснік дырэктара па будаўніцтву адкрытага акцыянернага таварыства “Жвіранка”. Ён добра ведае сельскагаспадарчую вытворчасць, тэхналагічныя працэсы жывёлагадоўчай і будаўнічай галіны. Асабліва вялікую ўвагу надае пытанням рэканструкцыі і тэхналагічнага пераўзбраення жывёлагадоўчых памяшканняў, будаўніцтву іншых сельскагаспадарчых аб’ектаў. У 2009 годзе пад кіраўніцтвам Паўла Фёдаравіча пабудаваны зернесушыльны комплекс, два зернесховішчы на 2000 тон зерня, уведзена ў дзеянне малочнатаварная ферма на 800 галоў. У 2011 годзе праведзена рэканструкцыя кароўніка ў аддзяленні Каўшэлева, а ў мінулым годзе — капітальны рамонт з мадэрнізацыяй малочнатаварнай фермы на 160 галоў жывёлы ў аграгарадку Більдзюгі. У тым жа годзе было пачата будаўніцтва новай малочнатаварнай фермы з даільнай залай на 800 кароў у аддзяленні Каўшэлева. Гэтыя мерапрыемствы далі станоўчы вынік. У гаспадарцы ўзрасла валавая вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Чакаюцца вынікі, калі ўступіць у строй каўшэлеўская малочнатаварная ферма.
Павел Фёдаравіч прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву. Ён валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, вялікай працавітасцю, уменнем знайсці кантакт як з падначаленымі, так і з кіраўніцтвам вышэйшага ўзроўню, працуе на вынік. Усім гэтым ён заслужыў аўтарытэт і павагу і атрымаў высокую ўрадавую ўзнагароду — медаль “За працоўныя заслугі”.
Кацярына СОСНА.
Фота Андрэя БУРЦА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *