Спартакіяда сярод школьных пярвічных арганізацый ГА «БРСМ»

Актуальное Молодежь Спорт

каманды-удзельніцы падчас пастраення

У мэтах прыцягнення школьнікаў да актыўных заняткаў спортам, умацавання здароўя, далучэння іх да фізічнай культуры, а таксама з нагоды 95-й гадавіны заснавання камсамольскага руху, 1 лістапада, падчас восеньскіх канікулаў, на базе Шаркаўшчынскай СШ № 1 прайшла спартакіяда сярод школьных пярвічных арганізацый ГА “БРСМ”. Арганізатарамі спартыўнага мерапрыемства выступілі райкам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Перад пачаткам спаборніцтваў на адкрытай школьнай пляцоўцы прайшло ўрачыстае пастраенне каманд-удзельніц Шаркаўшчынскіх СШ № 1 і СШ № 2, Іёдскай, Велікасельскай ДС-СШ, Германавіцкай, Зоркаўскай, Більдзюжскай сярэдніх школ. Да вучняў з прывітальным словам звярнуўся другі пазаштатны сакратар райкама БРСМ Міхаіл Часлававіч Пугаўка. Галоўны суддзя спаборніцтваў Наталля Мікалаеўна Пастушкова падрабязна расказала аб умовах спартакіяды, якая ўключала ў сябе такія віды спорту як настольны тэніс (суддзя — Пётр Яўгеньевіч Хаданёнак), дартс (суддзя — Вера Пятроўна Бясецкая) і шашкі (суддзя — Юлія Сяргееўна Каплуноўская). Ганаровае права падняцця Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь выпала вучням Шаркаўшчынскай СШ № 1 — пераможцам раённай ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.

І хоць прадстаўленых відаў спорту было і не так многа, тым не менш, спаборніцтвы праходзілі ўпарта і напружана, асабліва ў настольным тэнісе. Кожнаму з удзельнікаў хацелася набраць як мага больш балаў у дартсе, але не ўсім спадарожнічала ўдача. Свае лідары і аўтсайдэры вызначыліся па гульні ў шашкі. У асабістым заліку першае месца ў настольным тэнісе сярод юнакоў заняў Сяргей Лагунёнак (Іёдская ДС-СШ), другое — Яўгеній Трапачка (Германавіцкая СШ), трэцяе — Яўгеній Свілёнак (СШ № 1). Сярод дзяўчат першай стала Юлія Швед (Зоркаўская СШ), другой — Кацярына Шыман (СШ № 2), трэцяй — Вікторыя Шарубнёва (СШ № 1). Лепшым іграком па гульні ў шашкі сярод юнакоў стаў Дзяніс Цярэшка (Германавіцкая СШ), на другім месцы Яўгеній Бука (СШ № 1), на трэцім — Віктар Самазванаў (Іёдская ДС-СШ). У дзяўчат на першай прыступцы п’едэстала замацавалася Наталля Шышко (Велікасельская ДС-СШ), на другой — Дар’я Берніковіч (СШ № 2), на трэцяй — Кацярына Сайкоўская (СШ № 1). Лепшым “снайперам” у дартсе з юнакоў аказаўся Арцём Вялічка (Іёдская ДС-СШ), крыху яму ўступіў Андрэй Мацкевіч (Зоркаўская СШ), трэцім стаў Эдвард Вялічка (СШ № 2). Сярод дзяўчат больш за астатніх набрала балаў Юлія Бабчонак (Іёдская ДС-СШ), на другім месцы Юлія Сіповіч (СШ № 2), на трэцім — Маргарыта Белая (СШ № 1). У агульнакамандным заліку на сёмым радку турнірнай табліцы аказаліся вучні Велікасельскай ДС-СШ, на шостым — Більдзюжскай, на пятым — Германавіцкай, на чацвёртым — Зоркаўскай сярэдніх школ. “Бронзавымі” прызёрамі спаборніцтваў сталі вучні Шаркаўшчынскай СШ № 1, “серабро” атрымалі іх равеснікі з Шаркаўшчынскай СШ № 2, а лепшай спартыўнай пярвічнай арганізацыяй ГА “БРСМ” 2013 года стала каманда юнакоў і дзяўчат Іёдскай ДС-СШ.

Закончылася спартакіяда ўручэннем грамат і каштоўных падарункаў пераможцам і прызёрам ад арганізатараў спартыўнага свята, якое, несумненна, падарыла школьнікам зарад бадзёрасці, добрага настрою і пакінула шмат цікавых уражанняў.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.

момант тэніснага паядынка
шашкі — інтэлектуальная гульня



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *