У сельгаспрадпрыемствах падводзяць вынікі пасяўной кампаніі, ставяць планы перад пачаткам корманарыхтоўчых работ.

Сельское хозяйство

Адкрытае акцыянернае таварыства «Княж» — першае ў раёне, якое завяршыла веснавую сяўбу. Як адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Буда, у гаспадарцы ў самыя аптымальныя агранамічныя тэрміны з захаваннем тэхналогіі пасеяна 463 гектары зерневых культур, 430 гектараў кукурузы, 80 га аднагадовых.

Кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт ААТ «Княж» адзначылі граматамі і грашовымі прэміямі працаўнікоў, якія вызначыліся на пасяўной кампаніі. На падрыхтоўцы глебы першае месца заняў Генадзь Радкевіч (789 га), другое — Аляксандр Лаўрыновіч (613 га), трэцім стаў Дзяніс Лесеў (503 га). Больш усіх яравых культур пасеяў Сяргей Хаданёнак (310 га), другім стаў Іван Грыгор’еў (292 га), Барыс Гушчынскі загарнуў насенне ў глебу на плошчы 281 гектар.

Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Таццяна Бохан граматамі і грашовымі прэміямі адзначыла працу на пасяўной кампаніі моладзі, пажадала ім і надалей не здаваць сваіх высокіх вытворчых пазіцый.

На падвядзенні вынікаў пасяўной кампаніі прысутнічаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат. У прыватнасці, ён адзначыў, што гаспадарка па шматлікіх паказчыках з’яўляецца перадавой сярод іншых сельгаспрадпрыемстваў, тут на належным узроўні наладжана работа ў механізацыі, агранаміі, жывёлагадоўлі. Прафсаюзны лідар уручыў падзяку і падарачны сертыфікат механізатару Генадзю Радкевічу, пажадаў мясцовым аграрыям плённай працы падчас касавіцы.

Галоўны эканаміст гаспадаркі Алена Лагун азнаёміла прысутных з расцэнкамі, якія будуць прымняцца пры аплаце працы на корманарыхтоўчых работах. Уладзімір Буда засяродзіў увагу механізатараў на абавязковым захаванні працоўнай дысцыпліны, заклікаў беражліва адносіцца да тэхнікі. Ад таго, наколькі якасна пройдзе касавіца, будзе залежыць кармавая база гаспадаркі.