
Лясы, балотныя масівы прынята лічыць “лёгкімі” нашай планеты. Бясспрэчны той факт, што і сапраўды, дзякуючы гэтаму натуральнаму тварэнню прыроды існуе ўсё жывое на зямлі, існуе і сам чалавек. Цяністыя заслоны планеты выконваюць ахоўную функцыю — стрымліваюць пашырэнне пясчаных пустынь. Акрамя таго, лясы паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод, што вельмі важна для жыццядзейнасці чалавека.
У канцы 18—пачатку 20 стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі, асабліва ў заходняй яе частцы, буйныя землеўладальнікі побач са сваімі маёнткамі закладвалі, разбівалі паркі — вялікія сады або гаі з алеямі і кветнікамі па еўрапейскіх узорах. У першую чаргу яны выконвалі эстэтычную функцыю, з’яўляючыся неад’емнай састаўной часткай палацава-паркавых комплексаў, былі іх прыродным упрыгожваннем. У Шаркаўшчынскім раёне да нашага часу часткова захаваліся помнікі садова-паркавага мастацтва ў вёсках Гарадзец, Германавічы, Варонка, а таксама ў гарадскім пасёлку. Канечне, няма ўжо ў іх той былой велічы і непаўторнага прыроднага хараства, якія аздаблялі насаджэнні дрэў і кветнікаў 50, 100 і болей гадоў таму назад. Час і абыякавае людское абыходжанне адыгралі тут сваю адмоўную ролю.
Парк у вёсцы Гарадзец
Каля палаца Зіберг-Плятэра захаваліся рэшткі парку, высаджанага ў англійскім стылі на плошчы каля 10 гектараў. Працягнуўся ён па абодвух вельмі стромкіх у гэтых месцах берагах ракі Мнюта, якая падзяляла тэрыторыю маёнтка сваім выгнутым рэчышчам на тры вялікія часткі. У свой час гэта ўдала было выкарыстана для стварэння пейзажнай кампазіцыі парку і штучных сажалак. За ракой, па восі палаца размяшчалася паляна з маляўнічымі групамі бяроз. Парк быў абсаджаны дрэвамі лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У дэндралагічным складзе насаджэнняў трапляюцца белая ніцая вярба, блакітная елка, еўрапейская лістоўніца, розныя дэкаратыўныя кустарнікі. Абодва бакі парку — вышэйшы, на якім стаяў палац, і ніжэйшы —аб’ядноўваліся паміж сабой звілістымі сцежкамі і мастком. Ад мястэчка Лужкі да маёнтка вёў шырокі тракт, абапал абсаджаны бярозамі. Штовечар граф разам са сваёй жонкай здзяйсняў выезды-прагулкі на карэце па гэтым тракце, робячы тым самым агляд сваіх уладанняў. Першапачаткова парк быў спланаваны так, каб вялікія групы дрэў не засланялі від з вокан палаца на касцёл Міхаіла Арханёла ў Лужках. Ходзяць легенды, быццам у графскім парку і каля маёнтка вясной і ўлетку нельга было заўважыць ніводнага камара. У накірунку з поўдня на поўнач да палаца праходзіла кароткая ўязная алея. Уздоўж дарогі ішла пасадка бэзу і ліп. Уезд фіксаваўся чатырма пілонамі з чырвонай цэглы з арнаментальнымі ўстаўкамі. Такое рашэнне ўязной алеі не мае больш аналагаў у Беларусі. За алеямі з двух бакоў размяшчаліся сады, якія не захаваліся. Вялікая шкода парку была нанесена прыватнай забудовай.

Германавіцкі парк
Нечым крыху падобным па планіроўцы да гарадзецкага з’яўляўся парк графа Зрыні-Шырына ў Германавічах. Закладзены ён у канцы 18 стагоддзя і размешчаны на правым беразе ракі Дзісны. Асаблівасць яго планіроўкі — дзве тэрасы з невялікім нахілам у бок ракі. На самым краі верхняй тэрасы размяшчаўся палац (захаваўся да нашых дзён), а на ніжэйшай рос вялікі сад. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца стадыён Германавіцкай СШ і прышкольны ўчастак для вырошчвання гародніны. Каля самой ракі па загаду графа сялянамі былі выкапаны чатыры штучныя вадаёмы розных форм і памераў. Злучаліся яны паміж сабой пратокай, а з боку ракі адмяжоўваліся земляным валам, па якому ў тыя часы праходзіў прагулачны маршрут. Дадаткова вал абараняў парк ад веснавога разводдзя Дзісны. Зараз сажалкі густа зараслі кустоўем і хмызняком. Аб былой велічы парку нагадваюць толькі векавыя ясені, аднарадна пасаджаныя ўздоўж берага ракі.
Прагулачныя алеі ў Варонцы
У некалькі этапаў фарміраваўся парк паблізу вёскі Варонка (Ганоўскі парк). Мае назву ад аднайменнага мястэчка, дзе размяшчаўся маёнтак паноў роду Лапацінскіх. Першыя насаджэнні тут закладзены ў другой палове 17-га стагоддзя. І ажно да сярэдзіны 19-га паступова, год за годам, тэрыторыя парку ў 16 гектараў дапаўнялася і абнаўлялася шматлікімі відамі кустарнікаў і дрэў. Парк уражвае ліпавымі прагулачнымі алеямі, якія захаваліся да нашых дзён. Ліпы, утвараючы амаль суцэльнае кола па перыметры ўнутраных насаджэнняў, маюць вышыню да 30 метраў, а ўзрост звыш 200 гадоў. Не менш уражваюць памерамі і алеі з дубоў-веліканаў, што нібы магутныя асілкі сваімі вялізнымі галінамі і густой лістотай ствараюць улетку прыродны ахоўны дах. Яшчэ і зараз унутры парку можна трапіць на здзічэлыя дрэвы калісьці багатых па разнастайнасці і рэдкасці пладовых садоў. Але няма ўжо нават рэшткаў збудаванняў панскага маёнтка, які быў знішчаны збяднелымі сялянамі перад прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь.
Месца адпачынку — парк СХТ

У досыць добрым стане захаваўся да нашага часу парк, што належыў панам роду Багуцкіх у Шаркаўшчыне, які цяпер жыхары гарадскога пасёлка называюць паркам сельгастэхнікі (СХТ). Насаджэнні ў ім складаюцца з ліпавых алей, злучаных паміж сабой сажалкамі і насыпанымі штучнымі ўзгоркамі. Яшчэ ў савецкія часы на тэрыторыі парка была збудавана сцэнічная пляцоўка, заасфальтаваны дарожкі, добраўпарадкавана тэрыторыя. Тут штогод ладзілася раённае мерапрыемства, прысвечанае святу ўраджая. Працавалі стацыянарныя гандлёва-выставачныя павільёны па продажы сельгаспрадукцыі ад кожнага калгаса і саўгаса. І сёння гарадскі парк вылучаецца чысцінёй і дагледжанасцю. Парадак на яго тэрыторыі падтрымліваецца агульнымі намаганнямі прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра, актывістамі БРСМ. На сцэнічнай пляцоўцы праходзяць шматлікія культурна-масавыя мерапрыемствы: раённы фестываль “Прыдзісненскія крыніцы”, Купалле і іншыя. Сёлета тут урачыста адзначылі 510-годдзе гарадскога пасёлка.

У Шаркаўшчыне, у аграгарадках і іншых населеных пунктах раёна, каля школ, устаноў культуры і медыцыны, на прыватных тэрыторыях закладваюцца маладыя паркі і алеі, прысвечаныя юбілейным датам. Вельмі радуе той факт, што шэфства над імі замацавана за пярвічнымі арганізацыямі БРСМ, за школьнікамі, якія сістэматычна сочаць за парадкам на тэрыторыі насаджэнняў. У народзе кажуць, што кожны чалавек у жыцці павінен пасадзіць хаця б адно дрэва, тым самым пакідаючы памяць аб сабе сваім нашчадкам. А тыя паркі, гаі, якія былі пасаджаны рукамі нашых продкаў стагоддзі таму назад, тояць у сабе яшчэ не адну таямніцу аб сваіх стваральніках, маўкліва ўглядаючыся ў вышыню нябёсаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.