Не так даўно ў г. Астрахань праходзіў Міжнародны маладзёжны адукацыйны форум “СеліАс-2013”, які сабраў лідараў грамадскіх арганізацый і лепшых студэнтаў Расіі, Казахстана, Туркменістана, Ірана, Арменіі, Украіны. Упершыню запрашэнне да ўдзелу было накіравана і нашай краіне. Гонар прадставіць Беларусь у саставе аб’яднанай дэлегацыі на адукацыйным форуме такога ўзроўню выпаў выконваючай абавязкі першага сакратара Шаркаўшчынскага райкама БРСМ Юліі Палялейка. Яна ж і падзялілася ўражаннямі з чытачамі раённай газеты:
— Галоўнай мэтай Міжнароднага форума “СеліАс-2013” было стварэнне дыскусійнай пляцоўкі паміж моладдзю, дзяржаўнымі структурамі і бізнэсам, дзе любы таленавіты і актыўны чалавек мог сустрэцца з заказчыкам і інвестарам сваіх распрацовак і праектаў, прадэманстраваць уласны патэнцыял. На працягу тыдня ўдзельнікі форума атрымалі грунтоўныя веды па бізнэсу, палітыцы, эканоміцы і іншых накірунках. Адукацыйная частка складалася з такіх заняткаў як “Бізнэс і інавацыі”, “Палітыка і міжнародныя адносіны”, “Экалогія”, “Творчасць”.
Асабліва для мяне запамінальнай была сустрэча з расійскім харэографам Аляксандрам Каргінавым і прачытаная ім лекцыя “Як дабіцца поспеху ў творчай індустрыі”. Цікава і змястоўна праводзілі заняткі са слухачамі Міхаіл Зяленскі — вядучы інфармацыйнай праграмы “Вести—Москва” тэлеканала “Россия-24”, кіраўнік Федэральнага агенцтва па справах моладзі Сяргей Белаконеў, журналіст, палітычны кансультант і пераможца інтэлектуальных гульняў Анатолій Васэрман. Свой адпачынак мы праводзілі ў сумесным дыялозе з актывістамі маладзёжнага руху рэгіёнаў Расіі і Украіны. Разам ладзілі творчыя імпрэзы і гумарыстычныя капуснікі.
Несумненна, час быў праведзены з карысцю, намі набыты шматгранныя веды, завязалася знаёмства з новымі сябрамі. Наогул, Міжнародны адукацыйны форум “СеліАс-2013” — гэта ўсебаковая падтрымка таленавітай моладзі для самарэалізацыі і запатрабаванасці ў цяперашні час.
Сяргей РАЙЧОНАК


