Не вельмі многа механізатараў налічваецца ў КУВСП імя Маркава, але тыя, хто працуе на тэхніцы, сумленна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў.
Як толькі закончылася вясенняя пасяўная кампанія, мясцовыя трактарысты актыўна ўключыліся ў працэс корманарыхтоўкі. Прамаруджвання ў гэтай справе быць не можа, бо ад патрэбнай колькасці кармоў для буйной рагатай жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд залежаць і вытворчасць мяса, і колькасць атрыманага малака.
— У гаспадарцы трэба скасіць травы першага ўкосу на плошчы 1338 гектараў, — тлумачыць кіраўнік сельгаспрадпрыемства Юрый Жынгель. — Запланавана нарыхтаваць 262 тоны сена і 4750 тон сенажу. Сёлетняя зімоўка буйной рагатай жывёлы паказала, што ў абавязковым парадку трэба мець кармы ў запасе. Мінулагоднія лішкі сена, сенажу мы рэалізоўвалі гаспадаркам нашага раёна.
Корманарыхтоўку пачалі з кашэння траў на няўдобіцах ў аграгарадку Радзюкі: побач з зернескладам, малочнатаварнай фермай, уздоўж цэнтральнай вуліцы. Цяперашняе сена мае вялікую колькасць вітамінаў, з’яўляецца карысным для жывёлы, асабліва для цялят малочнага ўзросту. Да таго ж і населены пункт выглядае эстэтычна, калі на сенажацях адсутнічае разнатраўе і пустазелле.
У пачатку корманарыхтоўчых работ у гаспадарцы на трактары з касілкай працаваў Віктар Катовіч. Дапамогу сельгаспрадпрыемству аказвае сялянска-фермерская гаспадарка, якая выдзеліла дадатковую касілку. Зграбаннем траў у валкі займаецца Мікалай Кухто, а прасуе сена ў рулоны Уладзімір Данчыкаў.
Скошваннем і здрабненнем зялёнай масы на корм жывёле займаецца Дзмітрый Качан. Яго кормаўборачны агрэгат КВК-800 служыць гаспадарцы ўжо восьмы сезон. Дзмітрый вельмі адказны механізатар, таму і тэхніка ў яго ўмелых руках працуе бездакорна.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.