Сумленна працуе на палетках ААТ «Княж» механізатар Сяргей Хаданёнак

Сельское хозяйство

Сумленна працуюць аграрыі сельгаспрадпрыемстваў. Цяпер у вяскоўцаў гарачая пара — пачалася касавіца.

У час чарговай рабочай паездкі ў ААТ «Княж» на тэрыторыі механічных майстэрань заўважыў новы кормаўборачны комплекс КВК-800. Побач з агрэгатам стаяў трактар «Беларус» МТЗ-1025.2 механізатара Сяргея Хаданёнка (на здымку). Сумненняў не засталося: новую тэхніку даручылі менавіта гэтаму трактарысту-універсалу.

— Зусім нядаўна набылі КВК-800, — тлумачыць кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Буда. — Стары аналагічны агрэгат яшчэ ў спраўным стане, але, калі надарылася магчымасць абнавіць машынна-трактарны парк, мы яе скарысталі. Шмат сезонаў адпрацаваў Сяргей на сваім КВК-800, перабраў рукамі ўсе нават дробныя запчасткі, заўсёды трымаў комплекс у спраўным стане. Таму цяпер, калі атрымалі новую тэхніку, сумненняў не было, каму аддаць яе ў карыстанне.

— Стары агрэгат я паставіў на захоўванне, а гэты КВК-800 ужо вывеў на сенажаць, — кажа механізатар. — Тэхніка новая, сучасная, будзем на ёй рухацца да новых працоўных рэкордаў.

— Штогод Сяргей Хаданёнак займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне, — тлумачыць старшыня прафсаюзнага камітэта сельгаспрадпрыемства Таццяна Бохан. — З году ў год мужчына займае першыя месцы ў сяўбе яравых і азімых культур. У час корманарыхтоўкі адпраўляе ў траншэі дзясяткі тысяч тон здрабнёнай масы на корм жывёле. Без сумненняў, наперадзе ў перадавога механізатара новыя працоўныя перамогі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.