Зусім нядаўна прагучаў апошні школьны званок, а сёння адзінаццацікласнікі развіталіся з любімымі настаўнікамі, малодшымі сябрамі і дзяцінствам.
У святочна ўбранай спартыўнай зале сярэдняй школы № 1 райцэнтра пад апладысменты прысутных па чарзе ўвайшлі 30 юнакоў і дзяўчат — выпускнікоў 2024 года. Дырэктар навучальнай установы Ірына Рымдзёнак, уручаючы выпускнікам атэстаты сталасці, пажадала кожнаму з іх абраць сваю дарогу жыцця, каб ісці па ёй без перашкод, ажыццяўляць свае мары і жаданні.
Павіншаваў адзінаццацікласнікаў, пажадаў ім далейшых поспехаў у жыцці старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака. Кіраўнік раёна ўзнагародзіў лепшых выпускнікоў і іх бацькоў Падзякамі.
Сярод выпускнікоў залатыя медалісты, лаўрэаты звання «Вучань года», пераможцы і прызёры алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, якія не раз абаранялі гонар сваёй установы адукацыі.
А закончыўся школьны баль вальсам, на які выпускнікі запрасілі сваіх бацькоў і настаўнікаў. Танцуючыя пары павольна закружыліся пад гукі чароўнай мелодыі. На вачах бацькоў выпускнікоў ледзьве бачна выступалі кропелькі слёз — слёз шчасця, радасці і невялікага смутку, бо іх дзеці робяць першыя самастойныя крокі ў дарослае жыццё.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.