Эканаміст вызначае вектар дзейнасці усіх работнікаў арганізацыі, расстаўляе прыярытэты так, каб атрымаць максімальны прыбытак.
11 гадоў працуе вядучым эканамістам у дарожнай арганізацыі ДБУ-26 шаркаўчанка Алена Анецька.
— Пасля заканчэння школы я марыла стаць педагогам, — расказала жанчына. — Нават некаторы час вучылася на філолага. Але потым зразумела, што маё прызванне — эканоміка. Скончыла спачатку Смаленскі прамыслова-эканамічны каледж, а потым Маскоўскі інстытут эканомікі, менеджмента і інавацый. Некаторы час працавала галоўным бухгалтарам аддзела спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама. Пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску мне прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў якасці эканаміста ў ДБУ-26. Я дала сваю згоду. Спачатку было крыху складана, але дапамагаў з’яднаны сяброўскі калектыў.
Па роду сваёй дзейнасці мы, эканамісты, кожны дзень, з году ў год займаемся не толькі аналізам дзейнасці арганізацыі, але і складаем адпаведныя планы, сочым за статыстыкай. І хоць нагрузка досыць вялікая, часта прыходзіцца затрымлівацца на рабоце або браць дакументы на дом, сваю прафесію я вельмі люблю. У вольны час займаюся фізічнай культурай, бегаю, плаваю, проста знаходжуся на свежым паветры. Гэта надае бадзёрасці і стварае пазітыўны настрой.
Хачу павіншаваць людзей, якія прафесійна, віртуозна ўмеюць валодаць лічбамі, каштарысамі, рахункамі і іншымі фінансавымі справамі з днём эканаміста! Жадаю дабрабыту, адсутнасці памылак у рабоце і кар’ернага росту!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.