Што такое Радзіма? Добра ведаюць вучні Лужкаўскай СШ

Патрыятычнае выхаванне

Што такое Радзіма? Адказ на гэта пытанне разам з вучнямі шукала захавальнік фондаў музея гісторыі Лужкаўскай сярэдняй школы Наталія Лапо.

— Безумоўна, Радзіма — гэта краіна, у якой мы жывём, у якой жывуць нашы бацькі, сябры, сваякі. Гэта месца, дзе нарадзіўся чалавек, вырас, дзе пачаў рабіць свае першыя крокі. Гэта прырода, прадпрыемствы і заводы, дасягненні ў розных галінах, гісторыя мінулых часоў і сучаснасць. Каб краіна жыла, квітнела і развівалася, чалавек павінен стаць яе часткай, любіць радзіму, імкнуцца зрабіць штосьці на яе карысць. А якім жа чынам мы можам дапамагчы падрастаючаму пакаленню адчуць гонар за краіну, свой народ, выхаваць пачуццё любові да роднага краю? Перш-наперш, трэба пачаць са знаёмства з малой радзімай. Паказаць усё, чым можа захапіцца маленькае дзіця, на каго захоча раўняцца ў будучым. Адным з дзейсных спосабаў у гэтай справе з’яўляюцца наведванні музеяў.

Так, у нашай школе для выхаванцаў экалагічнага лагера «Экаград» праведзена экскурсія ў музей гісторыі навучальнай установы. Дзеці з вялікім захапленнем слухалі пра развіццё адукацыі ў Лужках, з цікавасцю праглядалі фотаздымкі будынкаў школы ў розныя часы. У дзіцячых вочках назіраліся агеньчыкі гонару за выпускнікоў навучальнай установы, якія не толькі атрымалі залаты або сярэбраны медалі, але і сталі таленавітымі дзеячамі ў медыцыне, адукацыі, палітыцы. Слухаючы аповеды пра таленавітых выпускнікоў школы, дзецям таксама захацелася як-небудзь праславіць сваю родную мясцовасць, унесці у́клад у развіццё краіны. Будзем спадзявацца, што так яно і будзе. Пажадаем хлопчыкам і дзяўчынкам поспехаў у вучобе і здзяйснення жаданняў!

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.