Дзякуй за мірнае неба!

Актуальное

Мірнае блакітнае неба, урадлівыя залатыя палі, усмешлівыя твары беларусаў — менавіта з такімі карцінамі асацыіруецца Дзень Незалежнасці — самае дарагое свята нашага народа, якое выклікае найвышэйшы духоўны ўздым і яднанне ўсіх, хто шануе слаўную гісторыю сваёй краіны і верыць у яе годную будучыню.

1944 год стаў знакавым у лёсе беларускага народа. 3 ліпеня сталіца нашай рэспублікі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А ў 1996 годзе гэты дзень стаў галоўным дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

— Акупацыя фашыстамі нашага рэгіёну пачалася 26 чэрвеня 1941 года, — расказала настаўніца гісторыі Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 Аксана Бабоўская. — Прамова Молатава і тут жа бамбёжка чыгуначнай станцыі ў Шаркаўшчыне выклікалі сярод насельніцтва збянтэжанасць і трывогу. Людзі збіраліся групамі і абмяркоўвалі на ўсе лады гэту жахлівую і нечаканую падзею — пачатак вайны. Чорная заслона страху, слёз і смерці вісела над жыхарамі нашага раёна больш за тры гады. Амаль кожная сям’я панесла людскія страты. Такіх трагічных падзей шаркаўшчынская зямля дагэтуль яшчэ не ведала. Падобныя выпрабаванні перажылі ўсе гарады Беларусі, і ўся краіна ў 1944 годзе нарэшце ўздыхнула свабодна. Нездарма ў беларусаў самыя галоўныя святы — Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці.

Шаркаўшчынскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і акупантаў войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Полацкай наступальнай аперацыі, якая разгортвалася на першым этапе вядомай аперацыі «Баграціён», што праходзіла ў перыяд з 30 чэрвеня па 4 ліпеня 1944 года. Асноўныя баявыя дзеянні разгарнуліся за пераправы  праз раку Дзісна ў Германавічах і Шаркаўшчыне.

1 ліпеня 1944 года ў 15.00 часцямі 44-й мотастралковай брыгады пад камандаваннем Аляксандра Халаева фашысцкія войскі былі выбіты з Шаркаўшчыны. За ўзорнае выкананне баявых заданняў за перыяд з 23 чэрвеня 1944 года па 31 ліпеня 1944 года ў 44-й мотастралковай брыгадзе былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі 1346 чалавек, а камандзір брыгады падпалкоўнік Аляксандр Халаеў — ордэнам Суворава 2 ступені.

У нашым раёне памятаюць герояў вызваліцеляў. Імёнамі Аляксандра Халаева, Сяргея Прохарава, Макара Клюйко, Міхаіла Дзярабіна названы вуліцы ў Шаркаўшчыне і аграгарадку Германавічы.

З дня вызвалення пачалося маштабнае аднаўленне нашага раёна, які поўнасцю змяніў сваё аблічча. У гэтую працу ўкладзены сілы тысяч людзей. Па-новаму праектавалася жыллё, узводзіліся корпусы прамысловых аб’ектаў, школ, бальніцы, транспартнай і сацыяльна-культурнай інфраструктуры. Часам мы з настальгіяй узгадваем былую Шаркаўшчыну, але многае з гэтай мілай сэрцу старажытнасці літаральна сцерла вайна. І людзі насуперак усім выпрабаванням выстаялі, адрадзілі сваё жыццё, сваё месца пад сонцам.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.