Беларускі народ сёлета адзначае 80-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На старонках газеты пачынаем публікацыю матэрыялаў, прысвечаных гэтай знакавай падзеі. У артыкулах праекта «Малыя эпізоды вялікай вайны» будуць змешчаны ўспаміны відавочцаў і ўдзельнікаў крывавых падзей 1941—1944 гадоў, гутаркі з гісторыкамі і краязнаўцамі раёна. Першая публікацыя прысвечана вёсцы Грыблы Станіславоўскага сельсавета.
На ўскрайку балота
Наўрад ці ёсць якія-небудзь гістарычныя звесткі з указаннем хаця б прыблізнай даты першага пісьмовага ўпамінання пра вёску Грыблы, якая размяшчаецца ў акружэнні лясоў, на самым ускрайку вялікага балотнага масіву на памежжы нашага і Браслаўскага раёнаў. А вось назва яе паходзіць непасрэдна ад слова «грыбы». Бо гэтага ляснога ласунку ў мясцовых барах заўсёды шмат. Грыблы многія яшчэ называюць сталіцай журавін. Восенню падчас адкрыцця сезону збору гэтай дзікарастучай ягады, у вёску спяшаюцца дзясяткі аматараў паласавацца журавінамі. Адны збіраюць іх для ўласных патрэб, іншыя зарабляюць на зборы ягад неблагія грошы.
Самі ж вяскоўцы спрадвеку жылі сялянскай працай на зямлі, шчыравалі ў калгасе.
Аплот народных мсціўцаў
Цяпер мала хто ведае, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны Грыблы знаходзіліся ў партызанскай зоне. Да восені 1942 года на захадзе Шаркаўшчынскага раёна ў казянскіх лясах дзейнічалі некалькі партызанскіх атрадаў. З цягам часу яны перафарміраваліся ў брыгады. Адна з іх насіла назву «Спартак». У яе складзе бязлітасна змагаліся з ворагам мужчыны з Грыблоў. Партызан падтрымлівалі жыхары навакольных вёсак нашага, Пастаўскага, Браслаўскага і Відзаўскага раёнаў. Народныя мсціўцы здзяйснялі ўдалыя рэйды па знішчэнні варожых гарнізонаў, іх тэхнікі і людской сілы. Нямецка-фашысцкія захопнікі неаднаразова прадпрымалі спробы па блакіраванні партызан у казянскіх лясах, помсцячы людзям за падтрымку народных мсціўцаў. Вядома, што ў лістападзе 1942 года атрады гітлераўцаў знішчылі разам з жыхарамі вёскі Журавоўшчына, Трабаўшчына, Кушталі і іншыя, якія размяшчаліся на паўночным усходзе казянскіх лясоў. А роўна праз год, восенню 1943 года, карная экспедыцыя была прадпрынята ў дачыненні жыхароў вёскі Грыблы.
Партызаны загадзя апавясцілі жыхароў аб хуткім знішчэнні, таму людзі своечасова пакінулі вёску, ратуючыся ў сваіх родных і знаёмых каля Шаркаўшчыны.
С успамінаў жыхара вёскі Грыблы Дзмітрыя Андрэйчыка (1933 г. н.):
«Калі пачалася вайна, мне было 8 гадоў. Многія мужчыны адправіліся ў партызанскія атрады на барацьбу з ворагам. Памятаю, як восенню 1943 года ў вёсцы з’явіліся людзі са зброяй. Гэта былі народныя мсціўцы. Яны папярэдзілі жыхароў аб тым, што немцы плануюць спаліць вёску. Папярэдне ўжо было знішчана некалькі населеных пунктаў у Відзаўскім і Пастаўскім раёнах. У пошуках паратунку вяскоўцы сабралі самыя неабходныя рэчы і пакінулі вёску. Наша сям’я знайшла прытулак у Пучынскіх у Алашках. Калі вясной 1944 года вярнуліся назад, убачылі ад вёскі толькі папялішча. Хтосьці капаў для пражывання зямлянкі, а мой тата пачаў будаваць вараўню, у якой мы і жылі».
Вызваленне
Тое, што ўбачылі яны, вярнуўшыся назад, выклікала страшэнны жах — з сямідзясяці шасці хат не засталося ніводнай цэлай. У полымі згарэлі нават драўляныя зрубы калодзежаў, дрэвы. Уцалела толькі адна яблынька. Для пражывання людзі вымушаны былі капаць зямлянкі.
З прыходам Чырвонай арміі ў ліпені 1944 года партызанскія атрады злучыліся з часцямі рэгулярных войскаў. Нашы землякі ў складзе 1-га Прыбалтыйскага фронту вызвалялі Літву, Латвію, Усходнюю Прусію. У баях з гітлераўскімі захопнікамі восенню 44-га дзясяткі ўраджэнцаў партызанскай вёскі ляглі ў зямлю каля латышскага горада Баўска. Тыя ж, каму пашчасціла застацца ў жывых, вярнуліся ў родныя мясціны, каб аднаўляць разбураную вайной гаспадарку, весці мірны сялянскі ўклад жыцця.
Дваццацігадовы партызан
З кожным годам усё больш актывізуецца работа па пошуку магіл салдат і партызан Вялікай Айчыннай вайны, устанаўленні імён змагароў, якія аддалі сваё жыццё за свабоду роднай зямлі. У сродках масавай інфармацыі часта публікуюцца матэрыялы пра вернутыя з забыцця прозвішчы савецкіх воінаў. Гэтай пачэснай і высакароднай справай займаюцца спецыяльныя пошукавыя атрады, валанцёры, настаўнікі і вучні школ.
Партызаны брыгады «Спартак» чатыры гады вялі барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сувязным аднаго з атрадаў быў ураджэнец Полаччыны Мікалай Зянькоў. Цяпер дакладна невядома, як малады партызан трапіў у наш раён. Не засталося больш у жывых сведкаў тых часоў, яго баявых таварышаў. Па ўспамінах былых жыхароў вёсак Слабада і Грыблы Мікалай Зянькоў падарваўся на гранаце, калі выконваў чарговае баявое заданне. І здарылася гэта ў год вызвалення Беларусі ад ворага. Зусім крыху не дажыў да перамогі дваццацігадовы партызан. Лёсам яму было наканавана знайсці вечны спакой у той мясцовасці, дзе змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пахавалі Мікалая мясцовыя жыхары на грыблоўскім пагосце. Над магілай шэфства ўзялі настаўнікі і вучні Слабадской сярэдняй школы. Уключыўшыся ў актыўную пошукавую работу, яны знайшлі родных загінуўшага партызана. У 1970-х гадах тут устанавілі помнік, агароджу. Штогод на 9 Мая на магілу прыносілі вянкі і кветкі. Але ў сярэдзіне 1990-х гадоў па невядомых прычынах абарвалася сувязь з роднымі Мікалая. З закрыццём Слабадской СШ у 2011 годзе не стала каму даглядаць за месцам пахавання. Да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў за дзяржаўныя сродкі на магіле быў устаноўлены новы помнік.
Магчыма, пасля публікацыі гэтага матэрыялу, знойдуцца родныя Мікалая Зянькова, якія змогуць прыехаць у Грыблы, каб пакланіцца магіле свайго продка. Ён аддаў жыццё за мір і свабоду нашай краіны.
Успаміны дзяцінства
Будучы маленькім хлопчыкам, у васьмідзясятых гадах я бачыў, з якім гонарам у Дзень Перамогі апраналі свае кіцялі з медалямі і ордэнамі ветэраны. Яркі металічны бляск узнагарод франтавікоў у промнях веснавога сонца назаўсёды застаўся ў памяці. 9 мая тата заўсёды браў мяне з сабою на ўрачысты мітынг у вёску Жукоўшчына. Тут у 1967 годзе ў гонар 72 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, ўсталявалі абеліск. Ледзьве бачна праступалі слёзы на вачах ветэранаў, калі вядучыя зачытвалі спіс прозвішчаў людзей, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе з ворагам дзеля светлай будучыні наступных пакаленняў беларусаў.
Прайшлі дзесяцігоддзі, няма ў жывых ветэранаў той страшнай вайны. І толькі сіратліва глядзіць у высь нябёс абеліск у жукоўшчынскім парку, нібы гаворыць будучым пакаленням: «Людзі, беражыце мір на зямлі!».
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.