Аграрыі раёна завяршылі планавую ўборку траў першага ўкосу. Справіліся з гэтай работай і ў ААТ «Буеўшчына»

Общество Сельское хозяйство

Па гравійнай дарозе рухаемся ў напрамку вёскі Залессе. За гэтым населеным пунктам працуюць механізаваныя атрады гаспадаркі. Трактарысты Пётр Ерамееў на корманарыхтоўчым агрэгаце «Палессе» КГ-6  і Вячаслаў Пабяржын на «Палессе» КВК-800 па чарзе запаўнялі прычэпы зялёнкай. Пяць адзінак тэхнікі адвозілі здрабнёную масу ў сянажную траншэю МТФ «Іёды».

— Корманарыхтоўчы агрэгат, на якім я працую, гаспадарка набыла ў мінулым годзе, — кажа Пётр. — Тэхніка для мяне даволі знаёмая, бо на аналагічнай займаўся корманарыхтоўкай, сяўбой і раней. Спадзяюся і сёлета агрэгат мяне не падвядзе.

Пётр напоўніў прычэп механізатара Сяргея Носкі правяленай зялёнкай і той рушыў да фермы. А да корманарыхтоўчага агрэгата пад загрузку пад’ехаў чарговы трактар, каб працэс не прыпыняўся.

На суседнім полі сенакашэннем займаўся Ігар Грайчонак на трактары «Беларус» МТЗ-3522 у счэпе з дзевяціметровай касілкай КПР-9. Механізатар рыхтаваў аб’ём работ для корманарыхтоўчых агрэгатаў.

Барыс Бабчонак падчас сёлетняй касавіцы заняты трамбоўкай здрабнёнай масы на сянажных траншэях. Вось і цяпер механізатар працуе на МТФ «Іёды».

— У мінулым годзе я быў задзейнічаны на адвозе зялёнай масы з поля, а сёлета займаюся трамбоўкай, — тлумачыць механізатар. — Трактар не павінен спыняцца, бо зялёнку трэба добра ўшчыльніць, каб не страціліся пажыўныя рэчывы кармоў. У начны час мяне змяняе іншы трактарыст.

За працэсам уліку прывезеных прычэпаў з зялёнкай і іх вагой сочыць загадчык малочнатаварнай фермы Ірына Клакоўская. Як паведаміла жанчына, на МТФ утрымліваецца 670 галоў буйной рагатай жывёлы. Цяпер галоўная задача — нарыхтаваць якасны корм для яе ў дастатковай колькасці.

Сёлета ў гаспадарцы запланавана нарыхтаваць 1800 тон сенажу ў стрэтч-плёнку. Гэтым працэсам, як і ў мінулыя гады, займаецца механізатар Уладзімір Падоба на энерганасычаным трактары «Беларус» МТЗ-3522 у счэпе з прэс-падборшчыкам-упакоўшчыкам.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.