Адкрытае акцыянернае таварыства «Агратэхсэрвіс» першым у раёне пачало жніво. Тут ідзе абмалот азімага ячменю.
На 38-гектарнае поле за вёскай Якубова, дзе расла гэта культура, 28 чэрвеня вывеў свой камбайн «Палессе» КЗС-1218 перадавы механізатар сельгаспрадпрыемства Анатоль Грыгаровіч (на здымку). Трынаццаць сезонаў ён адпрацаваў на аналагічнай тэхніцы старога ўзору, а ў мінулым годзе кіраўніцтва гаспадаркі даверыла вопытнаму механізатару новы, больш сучасны айчынны камбайн.
— У 2023 годзе тэхніка прайшла абкатку і зарэкамендавала сябе з лепшага боку, — кажа Анатоль. — Спадзяюся, што сёлетняя ўборка пройдзе таксама без праблем.
— Азімы ячмень — зерневая культура, якая выспявае самай першай, — тлумачыць начальнік аддзялення Наваселле Канстанцін Дзявятка. — Калі своечасова не абмалаціць, калоссе можа асыпацца. Таму было вырашана пачаць уборку гэтай культуры. У аддзяленні, якое я ўзначальваю, азімы ячмень займае плошчу 137 гектараў. Глеба тут лёгкая, добра выпрацаваная, таму і ячмень вырас выдатны. У хуткім часе прыступім да абмалоту азімага рапсу. Каб не згубіць час, зберагчы кармы, следам за камбайнам механізатар Сяргей Туронак на трактары «Беларус» МТЗ-920 рулоніць салому прэс-падборшчыкам. Паралельна яшчэ працягваецца корманарыхтоўка, таму механізатары працуюць ад світання і да змяркання.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.