Поспех спажывецкай кааперацыі ў многім вызначаецца ўменнем працаваць адказна, з поўнай аддачай выконваць ускладзеныя абавязкі, знаходзіць новыя рашэнні штодзённых задач. Гэта добра ведаюць адны з самых вопытных работнікаў сферы грамадскага харчавання: бармэн міні-кафэ «Сустрэча» Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства Наталля Карман, повар Кацярына Андрэйчык, кандытары Алена Нікалаева і Людміла Трафімава. Разам са сваімі калегамі жанчыны заўтра адзначаць сваё прафесійнае свята — Дзень кааперацыі.
У мінулым годзе пасля правядзення капітальнага рамонту расчыніла свае дзверы для наведвальнікаў міні-кафэ «Сустрэча». За кароткі тэрмін на яго тэрыторыі зрабілі рамонт і абнавілі інтэр’ер. Цяпер там утульная абстаноўка, сучасныя мэбля і абсталяванне.
На тэрыторыі кафэ дадаткова адкрылі банкетны зал на 80 месцаў. У гэтым жа памяшканні працуюць абноўленыя кандытарскі цэх і кухня. У кафэ можна праводзіць святочныя і дзіцячыя мерапрыемствы, вяселлі, карпаратывы, памінальныя сталы.
Работнікі галіны нястомна клапоцяцца аб тым, каб на сталах у наведвальнікаў заўсёды былі смачныя, з густам прыгатаваныя стравы, а ў людзей, якія прыходзяць у пункт грамадскага харчавання цудоўны настрой.
Наталля Карман, бармэн 4 разраду, працуе ў кафэ 17 год. А ўсё яе жыццё нязменна звязана са сферай спажывецкай кааперацыі раёна. Наталля сустракае наведвальнікаў, прымае ў іх заказы, ажыццяўляе разлік, працуе з дакументацыяй.
Кацярына Андрэйчык на працягу апошніх пяці гадоў з’яўляецца поварам пятага разраду ў міні-кафэ. Пасля вучобы ў гандлёва-тэхналагічным каледжы гатавала стравы ў рэстаране нашага гарадскога пасёлка, пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску выйшла на працу ў міні-кафэ. Працаваць у сферы грамадскага харчавання ёй падабаецца, нават нягледзячы на тое, што графік работы вельмі напружаны. Кацярына любіць гатаваць і прыносіць радасць людзям.
Шырокі асартымент разнастайнай выпечкі прапануюць сваім наведвальнікам кандытары Алена Нікалаева і Людміла Трафімава. Прадукцыя кандытарскага цэха карыстаецца попытам у шаркаўчан і рэгулярна пастаўляецца ў большасць гандлёвых кропак нашага раёна.
— Работы ў нас заўсёды хапае, — з усмешкай адзначае Алена Нікалаева. — Перад святамі асабліва напружаны працоўны рытм — трэба выконваць заказы своечасова і якасна.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.