Лужкі не ўбачыш на карце свету, але менавіта гэты населены пункт так многа значыць для кожнага свайго жыхара. Весела, урачыста і з размахам 510-годдзе родных Лужкоў адзначылі жыхары сучаснага аграгарадка. У цяперашні час там пражываюць амаль тысяча вяскоўцаў, налічваецца 280 двароў у Лужках і 160 — у вёсцы Гарадзец.
Цёпла і сардэчна ўсіх прысутных на свяце прывіталі старшыня Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Арэшкаў, старшыня Лужкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Краснадубская і настаяцель прыхода храма Раства Прасвятой Багародзіцы, протаіерэй Мікалай Гуцко. Яны павіншавалі жыхароў аграгарадка са святам і пажадалі ім усяго найлепшага, у тым ліку і беражліва захоўваць спрадвечныя традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі працавітых жыхароў Лужкоў. А яшчэ — любіць сваю малую радзіму і памнажаць яе дабрабыт, бо ў ёй — наша слава, крыніца сілы і будучага жыцця.
Лужкам сёлета спаўняецца 510, а самымі старэйшымі жыхарамі аграгарадка з’яўляюцца Марыя Каланда і Галіна Ермаловіч. 90-гадовы юбілей у гэтым годзе адзначаюць Ірына Паляк, 85-годдзе — Ніна Савіцкая. Былі запрошаны на сцэну землякі, якія ў гэтым годзе будуць святкаваць юбілейныя дні нараджэння. А самым малодшым жыхаром на сённяшні дзень з’яўляецца Павел Крыўка, хлопчык нарадзіўся ў гэтым годзе. Музычныя падарункі і гучныя апладысменты вяскоўцаў у асаблівы для Лужкоў дзень гучалі ў гонар удзельнікаў вайны ў Афганістане. У іх ліку Аляксандр Барсук, Мікалай Зянько, Уладзімір Кірсанаў, Юрый Леановіч і Уладзімір Курылёнак.
На сцэну выходзілі шматдзетныя сем’і, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей, а таксама сем’і, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілеі сумеснага жыцця. Дзеці — самае вялікае багацце для кожнай сям’і. Вось і на свяце былі адзначаны вучні, якія скончылі навучальны год на выдатна. Гэта Мацвей Грыдзюшка, Эмілія Красавіна, Арсеній Дарафееў і Аліса Гамановіч.
Словы шчырай падзякі гучалі ў адрас кіраўнікоў устаноў і арганізацый, якія шчыруюць у аграгарадку. Ім дзякавалі за актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, за тое, што падтрымліваюць парадак на сваіх тэрыторыях, шмат робяць для росквіту Лужкоў.
Падчас святкавання юбілею таксама падвялі вынікі конкурсу на лепшы падворак. Іх шмат — узорных, цяжка было вызначаць самы прыгожы, бо дэвіз аграгарадка — утульнасць, прыгажосць і парадак. На гэты раз была адзначана сям’я Міхаіла і Валянціны Маўчун, у якой выхоўваюцца двое дзяцей.
Пасля ўрачыстай часткі пачаўся святочны канцэрт. Шчыра, кранальна, ад душы віншавалі рознымі нумарамі жыхароў аграгарадка мясцовыя таленты, а таксама артысты Германавіцкагга Цэнтра культуры і народных традыцый. Завяршылася свята запальваннем купальскага вогнішча.
Фото Ольги ЧЕРНЯВСКОЙ.