Гасцінная Магілеўшчына ў чарговы раз вітала ўдзельнікаў фінальнага этапа рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2024». Віцебскую вобласць у горадзе Горкі прадставіла сям’я Віталія і Аляксандры Вішнеўскіх з аграгарадка Лужкі.
Разам з бацькамі конкурсныя іспыты прайшлі іх дзеці — шасцігадовы сын Арсеній і чатырохгадовая дачушка Ксенія.
— Нам пашчасціла заваяваць перамогу на абласным этапе конкурсу, — кажа Аляксандра. — А за два тыдні да рэспублкіканскага фіналу мы як след падрыхтаваліся і, як лічым самі, дастойна прадставілі паўночны рэгіён краіны на фінальных іспытах.
У першым конкурсным выпрабаванні «Хлеб — усяму галава!» Сям’я Вішнеўскіх не проста прадэманстравала каравай духмянага хлеба, але і ў вершаванай форме абараніла свой з густам выпечаны бохан.
«Калі ласка да нас!» — так называўся чарговы іспыт. Сем’і-канкурсанты прадставілі на разгляд кампетэнтнага журы свае жыццёвыя захапленні, інтарэсы. Кожны з іх расказаў не толькі пра тое, чым займаецца ў паўсядзённых працоўных клопатах, але і пра хвіліны адпачынку падчас выхадных дзён. Напрыклад, шаркаўчане, нягледзячы на працоўную занятасць, маюць магчымасць падарожнічаць па маляўнічых мясцінах Віцебшчыны і усёй Беларусі. Наогул, сям’я Вішнеўскіх — гэта яскравы прыклад еднасці, узаемапавагі, узаемнай любові і даверу. Віталій займаецца грузаперавозкамі па краіне, Аляксандра — у мясцовай сярэдняй школе вучыць дзетак грамаце. І мяняць сваё вясковае жыццё на гарадское Вішнеўскія не збіраюцца.
У конкурсным этапе «Дранікі на калодзе» фартуна крыху адвярнулася ад шаркаўчан. На тое былі свае абектыўныя прычыны: сырыя калоды дроў ніяк не паддаваліся распальванню. Тым не менш усе каманды-удзельніцы прыгатавалі смачныя і прыгожыя дранікі і з густам прадставілі іх на суд журы.
У аграгарадку Горы прайшоў конкурс «Касцы», дзе Віталій стаў першым па хуткасці касьбы, але трэцім па яе якасці. А вось Аляксандра ў выпрабаванні «Купальскі вянок» выйшла ў лідары.
У пачатку другога дня конкурсных выпрабаванняў сем’і мелі магчымасць наведаць мясціны, дзе прайшло дзяцінства Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а таксама прайсціся па беразе адной з самых маляўнічых і паўнаводных рэк краіны — Дняпра ў аграгарадку Александрыя.
6 ліпеня, каманда журы падвяла вынікі рэспубліканскага конкурснага праекта. Да апошняй хвіліны стаяла пытанне: хто пераможа ў штогадовым рэспубліканскім конкурсе? Лідарам стала сям’я Тарэлка з Магілёўскай вобласці. Усе іншыя сем’і атрымалі з рук арганізатараў праекта дастойныя ўзнагароды — грашовыя сертыфікаты, каштоўныя падарункі, бадзёры настрой і пазітыў.
Нагадаем, што ў будучым годзе Віцебскі абласны этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» ў чарговы раз сустрэне гасцінная шаркаўшчынская зямля.
— Хочацца выказаць словы ўдзячнасці спонсарам, якія дапамаглі нашай сям’і годна прадставіць Віцебшчыну на рэспубліканскім узроўні, — адзначылі Віталій і Аляксандра. — Гэта Шаркаўшчынскі раённы выканаўчы камітэт, Лужкаўскі сельскі выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнй работы і па справах моладзі, сектар культуры райвыканкама, раённы камітэт БРСМ,упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, ГА «Беларскі саюз жанчын», «Белая Русь», раённы цэнтр рамёстваў, Лужкаўскія сярэднюю і дзіцячую школы мастацтваў, УКП ЖКГ і ўсіх нераўнадушных шаркаўчан, хто маральна падтрымліваў нас. Вялікі вам дзякуй!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.