Нагляд у вобласці абароны насельніцтва і тэрыторыі ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароны абмеркавалі на рабочым пасяджэнні ў райвыканкаме.
Начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Пальчэх праінфармаваў прысутных аб тым, што 10—12 ліпеня пройдуць комплексныя вучэнні. Будуць разглядацца пытанні абароны насельніцтва і тэрыторыі раёна ад надзвычайных сітуацый у мірны і ваенны час.
Плануецца на першым этапе прааналізаваць дзеянні органаў упраўлення і сіл Шаркаўшчынскага раённага звяна Віцебскай тэрытарыяльнай падсістэмы Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны пры пагрозе або ўзнікненні надзвычайных сітуацый прыроднага або тэхнагеннага характару. На другім этапе прааналізуюць арганізацыю выканання мерапрыемстваў грамадзянскай абароны, дзеянні органаў кіравання і сіл грамадзянскай абароны Шаркаўшчынскага раёна пры выкананні задач па прызначэнні.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака даў даручэнні кіраўнікам арганізацый, адпаведных служб аб грунтоўнай падрыхтоўцы да вучэнняў, бо ў такіх справах дробязей быць не павінна.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.