Кіраўніцтва ААТ «Агратэхсэрвіс» і Германавіцкага сельскага выканаўчага камітэта на пастаяннай аснове віншуць заслужаных людзей з юбілейнымі днямі нараджэння.
Сваё 80-годдзе адзначыла жыхарка вёскі Гуркі Лізавета Калтыжанкава. Намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Яся Краснікава і старшыня сельвыканкама Мая Якімовіч завіталі да юбіляркі. Шмат цёплых слоў віншаванняў і шчырых пажаданняў здароўя і дабрабыту выказалі прадстаўнікі мясцовай улады, уручылі памятныя падарункі імянінніцы.
Усё сваё жыццё Лізавета Калтыжанкава пражыла ў вёсцы. З маленства дапамагала бацькам па гаспадарцы, пасвіла грамадскі статак кароў, каб зарабіць на кавалак хлеба.
— У 16-гадовым узросце пайшла працаваць даяркай у былы калгас «Маяк», — успамінае жанчына. — Шмат год была жывёлаводам на комплексе «Грыгараўшчына». З мужам выхавалі чатырох дзяцей, растуць унукі. Гэта самае найвялікшае шчасце ў жыцці, калі родныя прыязджаюць у госці і хата поўніцца дзіцячымі галасамі.
Побач са сваёй сядзібай жанчына садзіць невялікі агарод, тут жа растуць шыкоўныя кветкі, на фоне якіх мы і зрабілі памятны фотаздымак імянінніцы і гасцей.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.