25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень пажарнай службы

Общество Служба 101

25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень пажарнай службы, супрацоўнікі якой цаной уласнага здароўя, а парой і жыцця, выратоўваюць ад пажараў, катастроф прыроднага і тэхнагеннага характару не толькі людзей, але і матэрыяльныя каштоўнасці.

Сярод работнікаў Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ёсць нямала такіх, якія за гады сваёй працы заслужылі павагу і аўтарытэт у кіраўніцтва РАНС і ў насельніцтва.

— Сёння работа па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый патрабуе высокай кваліфікацыі, ініцыятыўнасці, адказнасці і мужнасці, — кажа намеснік начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ліпскі. — Менавіта такія людзі працуюць у нас. Трэба сказаць, што з кожным годам становіцца больш маладых супрацоўнікаў. Пакаленне вопытных прафесіяналаў, з годнасцю выканаўшы абавязак, звальняецца ў запас.

Сёлета пасля заканчэння ўніверсітэта грамадзянскай абароны на свае першае працоўнае месца прыйшоў Аляксей Анікіевіч. Цяпер ён займае пасаду інспектара сектара нагляду і прафілактыкі.

— Я нарадзіўся і вырас у Віцебску, — кажа мужчына. — Пасля заканчэння школы свядома абраў прафесію выратавальніка-пажарнага. Па размеркаванні трапіў на службу ў Шаркаўшчынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Калектыў супрацоўнікаў РАНС сустрэў мяне па-сяброўску, старэйшыя вопытныя калегі аказваюць падтрымку і дапамогу ў вырашэнні службовых задач.

Восем год знаходзіцца на заслужаным адпачынку былы камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 аграгарадка Васюкі Сяргей Сікора, які значную частку свайго жыцця прысвяціў справе выратавальніка-пажарнага.

— Шмат было надзвычайных сітуацый, калі мы ў барацьбе з вогненнай стыхіяй ратавалі не толькі маёмасць, але і людзей, — успамінае Сяргей. — У красавіку 2015 года з-за запальвання сухой расліннасці гарэла вёска Сямёнавічы. На лакалізацыю і ліквідацыю ўзгарання прыбылі пажарныя разлікі з Васюкоў, Шаркаўшчыны, Відзаў і Пастаў. Шмат пабудоў было спалена, але людзі ўцалелі. Мы па-сапраўднаму рызыкавалі сабой дзеля жыцця грамадзян, якім патрабавалася неадкладная дапамога. На жаль, былі і ахвяры. Такія жудасныя моманты назаўсёды засталіся ў нашай памяці.

Цяпер у РАНС прыходзіць новае папаўненне, якое пераймае вопыт у старэйшых таварышаў. І вельмі важна, каб маладыя супрацоўнікі з гонарам неслі высокае званне выратавальнікаў-пажарных, пераймалі лепшыя традыцыі шаркаўшчынскіх вогняборцаў, закладзеныя дзесяцігоддзі назад.

ДАВЕДАЧНА.

За 6 месяцаў 2024 года ў раёне адбылося 7 пажараў, на якіх пашкоджана 7 пабудоў, 1 аўтамабіль. Гібелі людзей не дапушчана. Прычынамі ўзгаранняў сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём і эксплуатацыя няспраўнага алектраабсталявання. Па адным пажары адбылося ў Більдзюгскім, Германавіцкім, Лужкаўскім і Станіславоўскім сельсаветах, 3 узгаранні — у гарадскім пасёлку. Выратавана 8 пабудоў і матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 124 тысячы рублёў.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.