У Германавічах прайшоў вечар памяці «Маёй душы прытулак ад калыскі», прысвечаны паэтэсе Таццяне Еўдаковай

Общество

Няўмольны бег часу гартае старонкі жыццёвага календара. Прайшло чатыры гады з той пары, як перастала біцца сэрца шаркаўшчынскай паэтэсы Таццяны Еўдаковай.

Творчага чалавека памятаюць сябры, аднадумцы, калегі і звычайныя аднавяскоўцы — жыхары аграгарадка Германавічы. Супрацоўнікі музея мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча сумесна з удзельнікамі народнага калектыву літаратурнай творчасці «Світанак» правялі вечар памяці «Маёй душы прытулак ад калыскі», прысвечаны паэтэсе.

На працягу многіх гадоў Таццяна Еўдакова была ў складзе «Світанка». З яе імем знаёмы чытачы раённай газеты, іншых перыядычных выданняў Беларусі і Расіі. Сёлета выйшоў зборнік паэзіі Таццяны Еўдаковай «Озарение», укладальнікам і рэдактарам якога стаў Віктар Лагун. Ён і іншыя «світанкаўцы» ў сваіх успамінах вярталіся ў той час, калі плённа працавалі на творчай ніве шаркаўшчынскага краю. Ала Клакоўская, Міледзій Кукуць і іншыя паэты чыталі свае новыя творы.

У памяці сваіх родных, сяброў, землякоў Таццяна Еўдакова назаўсёды застанецца светлым і эмацыянальным чалавекам, з тонкай душой, заўсёды гатовай падзяліцца з людзьмі цеплынёй і мудрасцю.

Сяргей РАЙЧОНАК.