Па ўсёй краіне адбыліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва. Знакавай палітычнай падзеі была прысвечана дыялогавая пляцоўка, якая прайшла ў сярэдняй школе № 1 гарадскога пасёлка.
— 10 ліпеня 1994 года пасля другога тура прэзідэнцкіх выбараў перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка. У яго падтрымку было аддадзена больш за 80 працэнтаў галасоў, — адзначыла мадэратар дыялогавай пляцоўкі, першы сакратар райкама БРСМ, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вераніка Кавалеўская. — Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў той перыяд, калі адчувалася значная нестабільнасць як у эканоміцы, так і ў сацыяльнай сферы. У магазінах не хапала многіх тавараў, а тыя, якія былі ў наяўнасці, рэалізоўваліся па талонах.
— Сёння фігура дзеючага Прэзідэнта вядома і карыстаецца аўтарытэтам не толькі на постсавецкай прасторы, але і ва ўсім свеце, — далучыўся да гутаркі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі. — 30 год назад практычна нічога не было, працавалі на голым энтузіязме, атрымлівалі заробак прыкладна 10—15 долараў ЗША ў эквіваленце. Здавалася, яшчэ крыху, і краіна проста перастане існаваць. Але прайшлі выбары кіраўніка дзяржавы, якім стаў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта адсюль пайшоў зусім іншы адлік часу.
Год за годам жыццё беларусаў мянялася ў лепшы бок. Паступова закончыўся разгул бандытызму, у краіне стала бяспечна адпускаць адных дзяцей гуляць на вуліцу. Уводзіліся ў эксплуатацыю новыя заводы і фабрыкі, а паліцы магазінаў напоўніліся высокаякаснай айчыннай прадукцыяй. «Зроблена ў Беларусі» — наш брэнд у многіх краінах свету.
Шаркаўчанка Данііла Жынгель была ў складзе раённай дэлегацыі на першым Усебеларускім народным сходзе, які прайшоў 19—20 кастрычніка 1996 года ў Мінску.
— Асабіста для мяне ўдзел у такім маштабным рэспубліканскім форуме быў ганаровай місіяй. Двухдзённая паездка ў сталіцу рэспублікі назаўсёды засталася ў пямяці і ў сэрцы, — падзялілася з прысутнымі сваімі ўражаннямі ветэран працы. — Тады Аляксандр Лукашэнка ўпершыню вырашыў на самым высокім узроўні параіцца з народам па важнейшых праблемах дзяржаўнага будаўніцтва, вызначыць стратэгію і тактыку далейшага развіцця грамадства. Была разгледжана і прынята праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1996—2000 гады, адобрана ініцыятыва правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю.
Сваімі думкамі з прысутнымі падзялілася начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, кіраўнік раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Людміла Стома. Да прадстаўнікоў маладога пакалення звярнуўся ветэран працы Міледзій Кукуць. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што Прэзідэнт нашай краіны — вопытны палітык, якога паважаюць. З яго меркаваннем лічацца, да яго прыслухоўваюцца. Яго цытуюць, прыводзяць у прыклад. Але самае галоўнае, што кіраўніку краіны ўдалося зберагчы мір у наш неспакойны час. Мы адчуваем сябе ўпэўненымі ў заўтрашнім дні, у светлай будучыні нашых дзяцей і ўнукаў, таму што 30 год назад змаглі закласці трывалы фундамент будучага Беларусі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


