Кожны чалавек у жыцці сустракаецца з момантамі рызыкі для прыняцця таго обо іншага важнага рашэння. Сутыкнулася з гэтым і індывідуальны прадпрымальнік Лоліта Гора (на здымку).
— Я даўно марыла, каб у маім жыцці была свая ўласная справа, — кажа Лоліта. — Даўно крочыла да ажыццяўлення задуманага. І вось у чэрвені мінулага года мара ўвасобілася ў рэальнасць. У будынку былога комплекснага прыёмнага пункта Шаркаўшчынскага КБА ў аграгарадку Буеўшчына адкрыўся магазін па продажу харчовых і бытавых тавараў «Лоліта». Канечне, было хваляванне, але я чалавек мэтанакіраваны і цвёрда ўпэўнена, калі бачыш перад сабой мэту, не трэба заўважаць перашкод.
З моманту адкрыцця магазіна ў Буеўшчыне прайшоў год. А 1 ліпеня на пустуючых плошчах былога ўчастка паштовай сувязі ў аграгарадку Більдзюгі адкрыўся яшчэ адзін магазін пад назвай «Лоліта плюс». Справа зрушылася з месца і цяпер жанчына, знайшоўшы свайго пакупніка ў сельскай мясцовасці, паспяхова ажыццяўляе продаж тавараў.
— Значную падтрымку ў рэалізацыі задуманага мне аказала намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Ірэна Бука. Яна мне давала пэўныя прафесійныя кансультацыі, дапамагала ў вырашэнні шматлікіх пытанняў, — працягвае гутарку Лоліта. — Цяпер я бачу, што пакупнікі і ў Буеўшчыне, і ў Більдзюгах цалкам задаволены асартыментным пералікам тавараў.А для мяне гэта і з’яўляецца лепшай удзячнасцю за сваю працу.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

