Праца работніка сельскай гаспадаркі складаная, але, калі сумленна выконваць свае абавязкі, яна прыносіць плён.
Такога прынцыпу прытрымліваюцца большасць вяскоўцаў. Гэта ж сваім прыкладам даказваюць тыя механізатары, якія сталі пераможцамі раённага спаборніцтва на корманарыхтоўчых работах. Яўген Баговіч з ААТ «Даватарскі» падчас касавіцы быў заняты на скошванні траў. На свой рахунак мужчына запісаў 1150 гектараў скошаных сенажацяў і стаў лідарам у раёне. Вячаслаў Смірноў з гэтай жа гаспадаркі працаваў на здрабненні правяленай масы. Механізатар у чарговы раз стаў першым у раёне. Ён адгрузіў у трактарныя прычэпы 10243 тоны зялёнкі. Імя механізатара Валерыя Фёдарава з ААТ «Агратэхсэрвіс» даўно вядома чытачам нашай газеты. Перадавы аграрый заўсёды знаходзіцца ў ліку першых у раёне сярод сеяльшчыкаў. Падчас корманарыхтоўкі мужчына займаецца адвозам здрабнёнай масы з поля ў сянажныя траншэі. Наогул, у механізатарскай справе Валерый сапраўдны прафесіянал. На сёлетняй касавіцы ён зноў першы — перавёз у сянажныя траншэі 3498 тон зялёнкі.
З перамогай механізатараў павіншаваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, уручыў аграрыям дыпломы і грашовыя прэміі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.