У мінулым годзе гаспадаркі раёна назапасілі невялікую колькасць кармоў з-за засушлівых вясны і лета. Сёлета сітуацыя змянілася ў лепшы бок.
У дбайных гаспадароў заўсёды маюцца кармы ў запасе. Такога прынцыпу прытрымліваюцца ў ААТ «Жвіранка». Калі мінулагодняя зімоўка буйной рагатай жывёлы прайшла на жорсткай эканоміі кармоў, то сёлета вяскоўцы прыкладаюць максімум намаганняў, каб нарыхтаваць дастатковую колькасць сена, сенажу і сіласу. Сёлета было запланавана назапасіць 625 тон сена, у наяўнасці маецца 2131 тона. Значныя аб’ёмы па нарыхтоўцы сенажу, яго трэба закласці ў траншэі ў агульнай колькасці 18480 тон. Таму, нягледзячы на жніво, узворванне і падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых культур, у сельгаспрадпрыемстве працягваюцца корманарыхтоўчыя работы. У дзень нашага прыезду ў гаспадарку вялася закладка сенажу ў вёсцы Барсучына. Непадалёк скошваннем і здрабненнем зялёнай масы на агрэгаце «Палессе» КВК-800 займаўся Міхаіл Усцінаў. На адвозе «зялёнкі» працавалі механізатары Барыс Фёдараў і Віктар Зайцаў. Трамбоўку масы праводзіў Дзмітрый Крышталевіч на энерганасычаным трактары «Беларус» МТЗ-3022.
— Статак буйной рагатай жывёлы ў нашай гаспадарцы вялікі, для яе стойлавага ўтрымання патрабуецца значная колькасць кармоў, — паведаміў учотчык прывезаных з «зялёнкай» прычэпаў Аляксандр Сцепулёнак (на здымку). — Таму і касавіца ў сельгаспрадпрыемстве працягваецца паралельна са жнівом.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.